Школьники из д. Язвино Шумилинского района остановили огонь

Безопасность Молодёжь Общество

У Язвіне дзеці ўтаймавалі агонь

Пра гераічны ўчынак школьнікаў з Язвіна нам расказалі на днях супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Аказваецца, на Вялікдзень на полі ля школьнага стадыёна загарэлася сухая трава.  Па меркаваннях выратавальнікаў, гэта нехта з дарослых кінуў непатушаную цыгарэту. З-за моцнага парыву ветру агнём умомант ахапіла ўсю тэрыторыю.

Першымі дым убачылі дзеці, якія гулялі непадалёк. “Айда тушыць пажар! – крыкнулі сябрам сямікласнік Валерый Махноў і ягоны малодшы брат Максім. – Збірайце хлопцаў”.

Праз некалькі хвілін дзеці змагаліся з агнём. Нехта заліваў агонь вадой з вядра, іншыя збегалі за рыдлёўкамі і закідвалі агонь пяском.  “Нехта прынёс рыззё, мы мачылі яго ў ваду і збівалі агонь з сухой травы”, – кажа дзевяцікласніца Валерыя Бортнікава і яе брат-сямікласнік Мікіта.

Амаль гадзіну дзеці змагаліся з агнём. На дапамогу прыйшлі і дарослыя, што жылі непадалёк. Нехта з іх патэлефанаваў у райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Нават калі прыехалі пажарныя машыны, дзеці не разышліся па дамах, а тушылі агонь – плячо ў плячо з выратавальнікамі.

“Не, нам не было страшна, агонь жа быў не такі ўжо і вялікі, – кажуць пяцікласнікі Алёша Аверчанка і Паша Кухарэнка. – Мы ведаем, як тушыць пажар з урокаў АБЖ (асновы бяспекі жыццядзейнасці). Да таго ж, у нашай школе працуе гурток “Юны выратавальнік”.

“Мы баяліся, каб агонь не перакінуўся на недабудаваны дом, што знаходзіцца побач, і на дзіцячы сад, – кажуць сямікласнік Яўген Максімаў і васьмікласнік Дзяніс Крошчанка. – Вось таму і пабеглі тушыць траву”.

На агульнашкольнай лінейцы супрацоўнікі РАНС за дапамогу і мужнасць аб’явілі падзяку язвінскім школьнікам. Юным выратавальнікам будуць уручаны граматы і  памятныя сувеніры.

Ларыса ЗАЙЦАВА.     Фота 319



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *