Насустрач юбілею Перамогі

Актуалии

Насустрач юбілею Перамогі
На мінулым тыдні ў калектывах арганізацый і прадпрыемстваў раёна прайшлі сустрэчы з інфармацыйна-прапагандысцкімі групамі райвыканкама. Тэма дня інфармавання – “Захаванне памяці аб подзвігу савецкага народа і рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы па ўвекавечанні памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў”.
Група, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама У. П. Куранны, сустрэлася з калектывамі раённага вузла электрасувязі, участка паштовай сувязі і прадстаўніцтва “Белдзяржстраху”.
Вайна пакінула свой след на шумілінскай зямлі. У 52-х воінскіх могілках і 3-х месцах масавага знішчэння грамадзянскага насельніцтва і партызан пахаваны 10547 чалавек, з якіх 2243 – невядомыя. Вядзецца работа па ўстанаўленні імёнаў загінуўшых, штогод праводзяцца раскопкі ў месцах баёў, падчас якіх знаходзяць астанкі загінуўшых байцоў.
Вядзецца работа па рамонце і рэканструкцыі воінскіх могілак, помнікаў і памятных знакаў. У 2011-2014 гг. на гэтыя мэты было выдаткавана 314,9 мільёна рублёў, у тым ліку 124,3 мільёна – са сродкаў, заробленых на суботніках.
У рамках святкавання 70-годдзя Перамогі ў раёне ў памяць воінаў-вызваліцеляў будуць устаноўлены памятныя знакі і мемарыяльныя дошкі. Так, у гонар нашага земляка Дзмітрыя Васільевіча Мясаедава, які да вайны і пасля яе працаваў у нашым раёне, а ў гады вайны камандаваў ротай разведчыкаў, плануецца ўстанавіць памятны знак. Пры фінансавай падтрымцы спонсараў, ГА “Беларускі фонд міру” плануецца адкрыць мемарыяльныя дошкі: у аграгарадку Мікіціха – у гонар лётчыка Ігара Паўлавіча Посахава, які загінуў у 1944 г. у раёне ст. Лоўша; у аграгарадку Мішневічы – у гонар Георгія Георгіевіча Шубіна і разведчыкаў-“шубінцаў”, якія вызвалялі наш раён.
У. П. Куранны расказаў прысутным пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. Кіраўнік раёна не ўтойваў складанага становішча ў эканоміцы, якое не дае магчымасці рэалізаваць усе запланаваныя праекты. Таму, падкрэсліў Уладзімір Пятровіч, канчатковы вынік развіцця раёна залежыць ад працы кожнага: ад кіраўніка, спецыяліста, рабочага.
Трэба рашуча пазбаўляцца ад “баласту”, які ёсць на прадпрыемствах. Зараз чарга выстраілася ў пошуках работы, бо з-за крызісу вярнуліся тыя, хто працаваў у Расіі. Не трэба трымаць лайдакоў, прагульшчыкаў, п’яніц. Імі зоймуцца адпаведныя службы, якім паўнату ўлады дае Дэкрэт Прэзідэнта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і іншыя заканадаўчыя акты.
Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ К. Ф. Баканаў спыніўся на дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, пракурор раёна С. У. Зайцаў расказаў пра крымінагенную сітуацыю на Шуміліншчыне.

*  *  *
Інфармацыйная група, якую ўзначальвала старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, сустрэлася ў гэты дзень з працоўным калектывам Башнёўскай СШ. Ірына Мікалаеўна ў сваім выступленні найперш расказала, якімі клопатамі жыве раён, якія задачы вырашае напярэдадні ганаровай даты – 70-годдзя Вялікай Перамогі, што зроблена і што трэба зрабіць у першую чаргу па ўвекавечанні памяці загінуўшых у час вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па ўшанаванні ветэранаў вайны, па прывядзенні ў належны стан воінскіх пахаванняў, наогул па падрыхтоўцы да святкавання юбілейнай даты.
Так, у раёне за чатыры гады на добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў пайшло амаль 430 мільёнаў рублёў. На гэты год з раённага бюджэту выдзелена 150 мільёнаў, дапоўняць суму сродкі, заробленыя на суботніку.
Старшыня райсавета акцэнтавала ўвагу на тым, што ў многім  ад настаўнікаў, ад іх планамернай і паслядоўнай работы, залежыць патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Моладзь павінна ведаць гераічнае мінулае сваёй Радзімы, шанаваць і берагчы памяць пра тых, хто прынёс мір і свабоду. І. М. Новікава спынілася на пытаннях добраўпарадкавання ў цэлым у раёне і ў аграгарадку Башні ў прыватнасці.
Тэму дапоўніў старшыня Светласельскага сельсавета В. В. Шчарбакоў, выступіў перад прысутнымі супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях В. У. Кійко.
Напрыканцы сустрэчы некалькі чалавек звярнуліся асабіста да І. М. Новікавай, каб вырашыць свае прыватныя пытанні ў індывідуальным парадку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ. Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №31 ад 24.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *