Автопробег «Никто не забыт, ничто не забыто» завершился в Оболи (читать и слушать)

Актуалии

Аўтапрабег завяршыўся ў Обалі

24 красавіка ў Віцебску стартаваў аўтапрабег, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, пад дэвізам “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. У праекце ўзялі ўдзел больш за 50 афганцаў, казакоў, прадстаўнікоў маладзёжнай арганізацыі “Пошук”. Марафон стартаваў ад помніка воінам-інтэрнацыяналістам “Боль” у Віцебску.

26 красавіка Шуміліншчына вітала ўдзельнікаў аўтапрабегу ў вёсцы Мікалаева, на мяжы Шумілінскага і Бешанковіцкага раёнаў. Вітала хлебам-соллю і сяброўскім поціскам рукі, як самых доўгачаканых гасцей. Прадстаўнікі раённых улад, грамадскіх арганізацый, моладзь і ветэраны расселіся па машынах і на адрэзку Мікалаева-Обаль сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі аўтапрабегу.

Ля памятнай стэлы ў Обалі сабраліся мясцовыя жыхары, вучні Обальскай школы, прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі і духавенства для таго, каб урачыста сустрэць гасцей на обальскай зямлі, вядомай на ўсю краіну і за яе межамі, дзякуючы подзвігам членаў падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”.

“Нам ёсць, кім ганарыцца, нам ёсць, пра каго памятаць. Дзякуй, што вы далучыліся да нас”, – вітаў гасцей старшыня Обальскага сельсавета М. Будневіч. Ад імя моладзі В. В. Баранава, намеснік дырэктара Обальскай школы, выказала словы гонару за сваіх слаўных землякоў: “Сёння мы ганарымся тым, што ў слаўным ваенным летапісе Беларусі ёсць і подзвіг нашых землякоў. На жаль, не ўсе яны вярнуліся да мірнага жыцця. Сабраўшыся ля гэтага памятнага знака мы яшчэ раз з вялікай удзячнасцю і гонарам шануем памяць тых, дзякуючы каму мы можам вучыцца, працаваць і верыць у будучае”. А гэта і ёсць самае галоўнае, упэўненна старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава, выхоўваць падрастаючае пакаленне на прыкладах гераічнага мінулага нашай краіны. Ветэран Вялікай Айчынай вайны, абальчанін Васіль Патапавіч Кажамякін расказаў, якой цаной дасталася Перамога, папрасіў, асабліва ў сённяшні не зусім спакойны час, памятаць урокі вайны.

Ад імя раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” удзельнікаў аўтапрабегу вітаў палкоўнік, старшыня арганізацыі Г. К. Шынкевіч. Ён гаварыў пра моц Савецкай Арміі, пра важнасць памяці, пра тое, што мір трэба берагчы. Малітву за ўсіх, хто аддаў жыццё за Радзіму, узнёс да неба настаяцель Свята-Ануфрыеўскай царквы іерэй Уладзімір Пучынскі.

Мітынг ля стэлы быў лаканічны і пранікнёны, напоўнены шчымлівай, балючай памяццю па ахвярах вайны і цвёрдым перакананнем у тым, што мы, нашчадкі герояў, ніколі не дапусцім, каб здабыты такім коштам мір быў страчаны.

“За тры дні мы наведалі 11 раёнаў Віцебскай вобласці, – расказаў В.А. Мацкевіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане, – і асабліва востра адчулі жахлівасць вайны. Сімвалічна тое, што аўтапрабег заканчваецца менавіта ў Обалі. Пра подзвіг юных обальскіх падпольшчыкаў я ведаю з юнацтва. Гэтым аўтапрабегам мы хочам паказаць, што толькі ў міры, у яднанні мы можам дасягнуць працвітання нашай Беларусі”. Валяр’ян Альбінавіч выказаў удзячнасць кіраўніцтву раёна і ўсім удзельнікам мітынгу за такі цёплы прыём.

Памяць герояў-падпольшчыкаў ушанавалі хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі да падножжа абяліска. Госці наведалі музей Обальскага камсамольскага падполля.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Паслухай!

[podcast]http://www.shumilino.by/wp-content/uploads/2015/04/prabeg.mp3[/podcast]



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *