Шумилинские медики и педагоги объединяются в борьбе против СПИДа

Здоровье Общество

Прафілактыка СНІДу: Медыкі вучылі педагогаў
У СШ № 1 г. п. Шуміліна прайшоў раённы семінар-практыкум на тэму “Актуальныя аспекты ВІЧ/СНІД. Арганізацыя і правядзенне работы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.
На семінар былі запрошаны намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце і сацыяльныя педагогі школ раёна. Ім было цікава падзяліцца адзін з адным сваімі набыткамі, распрацоўкамі па прафілактыцы ВІЧ, а таксама паслухаць спецыялістаў з Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і аховы здароўя, якія прыехалі на семінар. Мерапрыемства прайшло ў шчыльным рабочым рытме. Кожны для сябе занатаваў нешта карыснае і эфектыўнае, што можна выкарыстаць пры далейшай рабоце, пра што можна расказаць і дарослым, і дзецям.
Грунтоўным было выступленне метадыста аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД Віцебскага абласнога ЦГЭ  І. У. Казначэевай, якая агучыла сітуацыю па СНІДу не толькі па вобласці і рэспубліцы, але і ў свеце. Пры-знацца, ад лічбаў крыху не па сабе: на пачатак 2013 года ў свеце было зарэгістравана 35 мільёнаў выпадкаў заражэння СНІД (гэтыя лічбы падсумоўваюцца раз у два гады).
На  1 красавіка гэтага года ў Беларусі выяўлена17522 ВІЧ-станоўчыя чалавекі, у Віцебскай вобласці – 779 чалавек. “У мінулым годзе на Віцебшчыне зарэгістраваны 101 выпадак заражэння, – расказала Іна Уладзіміраўна. – А за першы квартал гэтага года – 27 выпадкаў. У нашай вобласці няма ніводнага раёна, дзе б не былі выяўлены людзі з ВІЧ-інфекцыяй. Гэту хваробу прывозяць з Расіі, Украіны і іншых краін. Распаўсюджана яна сярод працоўных мігрантаў. І калі раней  выпадкі СНІДу былі зарэгістраваны толькі ў буйных гарадах, то зараз гэта праблема і сельскіх жыхароў. Вельмі важна, каб людзі ведалі, што трэба своечасова абследавацца. Чым раней выяўлена хвароба – тым больш шансаў прадоўжыць чалавеку жыццё”.  І. У. Казначэева расказала пра прафілактыку ВІЧ/СНІД і асноўныя шляхі заражэння, пра інфармацыйную стратэгію нашай рэспублікі, пра дзяржаўныя праграмы.
З сітуацыяй на Шуміліншчыне падрабязна пазнаёміла прысутных памочнік урача-эпідэміёлага  раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі М. Ф. Аляксеенка. “У нашым раёне стаяць на ўліку восем чалавек (чатыры мужчыны, столькі ж жанчын), – адзначыла Марына Фёдараўна. –  Усе пацыенты былі выяўлены ў час абследавання ў райбальніцы. У 2013 годзе трое дзетак нарадзіліся ад ВІЧ-інфіцыраваных маці. Усе ВІЧ-станоўчыя жыхары атрымліваюць бясплатную антырэтравірусную тэрапію. Тым не менш, некаторыя звяртаюцца ў бальніцу даволі позна. У раёне два чалавекі памерлі ў стадыі СНІД, у тым ліку адно дзіця.
Пра вопыт работы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, пра работу школьнага клуба “Садружнасць” расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікіціхінскай СШ Т. П. Баравікова. Пра рэалізацыю праграмы “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі на аснове жыццёвых навыкаў” гаварыла ў сваім выступленні намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 г. п. Шуміліна С. У. Емяльянава. Па названай праграме школа працуе з мінулага года, ёсць сістэма напрацовак для кожнага ўзросту. Заняткі праходзяць пазітыўна, у даступнай для кожнага ўзросту форме, адзначыла Святлана Уладзіміраўна.  Але праграма разлічана на ўвесь курс абучэння ў школе, таму яе вынікі будуць бачны толькі праз дзесяць гадоў: калі цяперашнія першакласнікі будуць выпускнікамі.
Пра інфармацыйна-асветніцкую работу па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі  расказала кіраўнік клуба “Я абучаю равесніка” Палаца творчасці дзяцей і моладзі г. Віцебска Т. Ф. Мірсалімава. Таццяна  Фёдараўна прыехала з групай валанцёраў, якія правялі трэнінг са старшакласнікамі і педагогамі па прынцыпу “роўны навучае роўнага”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №32 ад 28.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *