Больш за 20 год служыць чыгунцы Паліна Ляўша

Общество

Маё жыццё звязана з дарогамі

Білетнага касіра чыгуначнай станцыі Шуміліна Паліну Ляўшу не трэба прадстаўляць шумілінцам і жыхарам раёна, асабліва тым, хто карыстаецца паслугамі чыгункі. Яе агульны стаж работы на чыгунцы складае 22 гады, з іх апошнія 10 год яна абілечвае праязнымі білетамі пасажыраў на станцыі.


«За тое, што трапіла ў свой час на чыгунку, я вельмі ўдзячна Надзеі Канстанцінаўне Шарай, якая таксама ўсё сваё жыццё прысвяціла чыгунцы і якой, на вялікі жаль, няма ўжо з намі, – прызналася Паліна Фёдараўна. – І, канешне ж, начальніку станцыі Анатолю Уладзіміравічу Атрошчанку. Яны паверылі ў мяне, навучылі, падтрымалі. Цяпер я тут старажыл. І вельмі стараюся не падвесці нашу выдатную моладзь. Пастаянна вучуся ў яе, асвойваю новыя тэхналогіі, без якіх у нашай сферы ніяк».
А наогул, усміхаецца Паліна Фёдараўна, яе працоўная біяграфія заўсёды мела дачыненне да дарог. Спачатку гэта былі аўтамабільныя дарогі – жанчына сем гадоў адпрацавала ў ДРБУ-204, пасля лёс звязаў з чыгуначнымі шляхамі.
За гады работы на чыгунцы, успамінае касір, многае мянялася і ўдасканальвалася, што патрабавала дадатковага абучэння і павышэння кваліфікацыі. Так што прымаўкай «Век жыві – век вучыся» кіравалася заўсёды з вялікім задавальненнем. Сёння ў арсенале касіра – сучасная камп’ютарызаваная сістэма з безліччу спецыяльных праграм, якія дапамагаюць працаваць хутка, аператыўна, аўтаматызавана. З ліку апошніх тэхналагічных новаўвядзенняў для Шуміліна – устаноўка ў зале чакання ТПС – тэрмінала пасажырскага самаабслугоўвання, што вельмі дапамагае зменшыць нагрузку на касіра. Пасажыру не трэба стаяць у чарзе за білетам, а можна набыць яго праз тэрмінал з дапамогай плацёжнай банкаўскай карткі.
«Наогул, нам вельмі пашанцавала, што праз райцэнтр праходзіць чыгунка, – дадае Паліна Фёдараўна. – Гэта ж намнога аблягчае і эканоміць транспартныя зносіны. Вунь, паглядзіце, колькі нашых землякоў едзе на працу ў іншыя гарады, і наадварот, колькі да нас едзе народу». Ранейшай, як і дзесяць, і дваццаць год таму, застаецца папулярнасць і запатрабаванасць чыгуначнага транспарту рэгіянальных ліній эканомкласа, ці, прасцей кажучы, дызель-цягніка. Асабліва летам, падчас канікулаў, водпускаў і дзеяння льготных паездак для пенсіянераў. Не бывае такога, каб на дызелі з Шуміліна на Полацк і Віцебск не было пасажыраў».
«Што самае цяжкае ў рабоце білетнага касіра?» – пытаюся ў Паліны Фёдараўны.
– Я думаю, узаеміны з людзьмі. Тут трэба ў першую чаргу ўмець кантактаваць, заўсёды старацца дапамагчы кліенту. Ведаеце, мне заўсёды хапала і хапае цярпення. А вось дапамагчы не заўсёды ў маіх сілах. Напрыклад, просіць пасажыр білет на пэўны цягнік ці пэўнае месца, а іх ну проста няма…
Вось гэтая любоў да людзей, спагадлівасць, прастата ў зносінах і дапамагаюць білетнаму касіру Паліне Ляўшы быць паважанай не толькі ў калектыве, але і ў землякоў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №59 ад 31.07.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *