Рейд показал, что не все пляжи Шумилинского района готовы принять отдыхающих

Актуалии Общество Экология

Хачу на пляж, добраўпарадкаваны і дагледжаны
Неўзабаве пачнецца купальны сезон. Ці гатовы пляжы сустрэць наведвальнікаў, што зроблена на іх? Такія пытанні ставіліся падчас нядаўняга рэйду па месцах прыбярэжнага адпачынку. Ацэньвалі стан пляжаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Г. М. Кісялевіч і старшыня раённай арганізацыі “Таварыства ратавання на водах”  А. С. Шарафудзінаў.
“Рашэннем райвыканкама ў нашым раёне вызначана пяць грамадскіх пляжаў, за кожным з іх замацавана прадпрыемства, якое павінна займацца яго добраўпарадкаваннем, – расказвае А. С. Шарафутдзінаў. –  Так, за пляж на возеры Будавесць адказвае райгаз, на шумілінскім возеры – камунгас, на лескавіцкім – лясгас, на возеры Круглік – ПМК-70, Разван – ДРБУ-204”.
Узорным можна назваць пляж, які месціцца ў Амбросавічах, на тэрыторыі “Дружбы”. Ён поўнасцю адпавядае ўсім патрабаванням.
Добрае ўражанне пакінулі пляжы на шумілінскім возеры і ў Лескавічах. Бачна, што камунгас і лясгас сочаць не толькі за чысцінёй і парадкам, а  і добраўпарадкоўваць тэрыторыю.  Для таго, каб яны цалкам адпавядалі патрабаванням, не хапае дробязяў: на шумілінскім возеры неабходна ўстанавіць шлагбаўм, а на лескавіцкім возеры – туалет. Г. М. Кіселевіч падкрэсліў, што камунгас і лясгас праводзяць на замацаваных за імі пляжах планамерную работу, адсюль і такі вынік.
Накіроўваемся на возера Круглік. Дарога разбітая, калдобіны. “Толькі пры вялікім жаданні да возера можна даехаць”, – спрабуе пажартаваць Г. М. Кіселевіч, які сядзіць за рулём уседарожніка. Пляж сустракае сваёй цнатлівасцю, пясок, вада, цудоўныя краявіды. Відаць па  ўсім, замацаванае прадпрыемства яшчэ не праводзіла ніякіх работ па добраўпарадкаванні зоны адпачынку.
Ёсць пытанні і па пляжы на Разване. Няма кантэйнеру для смецця і, як вынік, паўсюль несанкцыянаваныя звалкі. На пляжы ёсць некалькі лавак, мосцік для скакання ў ваду. Канечне, для такога папулярнага месца адпачынку, як Разван, гэтага яўна недастаткова.
“У сярэдзіне мая камісія райвыканкама будзе прымаць гатоўнасць пляжаў да новага купальнага сезона, – падсумоўвае А. С. Шарафутдзінаў. –  Пакуль яшчэ часу ў прадпрыемстваў хапае, каб прывесці пляжы ў парадак”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №32 ад 28.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *