С заседания райисполкома

Актуалии Президент Экономика

Знайсці прычыны
24 красавіка пад старшынствам кіраўніка раёна У. П. Кураннога прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Удзел у рабоце браў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама С. А. Зароўскі. На павестку дня было вынесена пытанне “Аб выкананні параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выкананні бюджэту ў першым квартале 2015 года”. З дакладамі па тэме выступілі намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў і начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка,
Адкрываючы пасяджэнне, Уладзімір Пятровіч заўважыў, што канечным вынікам работы, няхай гэта будзе вырошчванне зерня ці вытворчасць цэглы, павінен быць прыбытак. Але, на жаль, работа эканомікі за першы квартал у цэлым не дазваляе канстатаваць такога выніку.
Шэсць прадпрыемстваў раёна сёння працуюць са стратамі. Віктар Віктаравіч у сваім дакладзе абазначыў прычыны такога іх становішча, але, улічваючы той факт, што ў гэтым спісе буйнейшыя прадпрыемствы раёна, такія, як Обальскі керамічны завод, райспажыўтаварыства, ПМС, “Лаўжанскае”, сітуацыя выглядае асабліва трывожна. Вялікія спа-дзяванні ёсць на ОКЗ, стратная работа якога сёння не проста падрывае эканоміку раёна ў цэлым, але і ставіць пад сумненне стабільнасць жыцця ў Обалі, дзе абсалютная большасць жыхароў працуе на заводзе. Прадпрыемства атрымала больш за 73 мільярды рублёў на мадэрнізацыю, якая прадугледжвае ўстаноўку лініі па вытворчасці цэглы пластычнага фармавання з дабаўленнем аксіду жалеза, што забяспечыць выпуск інавацыйнай прадукцыі. Сёння перад дырэктарам завода П. І. Манаком стаіць задача ў максімальна сціслыя тэрміны правесці ўстаноўку і наладку новага абсталявання, каб ужо ў жніўні запусціць лінію. А пакуль, не маючы інавацыйнай прадукцыі, заводу няма чаго прапанаваць на рынак, у тым ліку, замежны, ва ўмовах крызісу і канкурэнцыі. Крыху больш за 155 тысяч долараў удалося выручыць ад экспарту цэглы за мяжу, а гэта на 79% ніжэй, чым за гэты ж перыяд летась.
Прадметна аналізаваць работу, выяўляць прычыны стратнасці, “чапляцца” за любыя праекты, што могуць прынесці грошы, настойліва раіў кіраўнікам прадпрыемстваў старшыня райвыканкама. Да прыкладу, пастаянна ў пошуку новых аб’ектаў, дадатковых аб’ёмаў работ дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм А. В. Аляксеенка. Ён абазначыў канкрэтныя планы, якія дазволяць больш не прыбягаць да такіх непрывабных мер, як затрымка выплат заработнай платы і адпраўка работнікаў у водпуск за ўласны кошт.
За першы квартал гэтага года ва ўсе ўзроўні бюджэту было прыцягнута 27525,7 мільёна рублёў, у тым ліку, 5797,2 мільёна – у рэспубліканскі бюджэт, 21728,5 мільёна – у мясцовы і 21607,2 мільёна  – у раённы бюджэт, паведаміла А. С. Сідарэнка. План паступлення даходаў у бюджэт раёна выкананы на 21,8% да гадавых назначэнняў (сярэднеабласны – 21,6%). У раённы бюджэт паступіла 20767, 8 мільёна рублёў, што на 2528,0 мільёнаў больш аналагічнага перыяду мінулага года. У структуры даходаў 43,7% займае падаходны падатак, а ў сувязі з ростам яго стаўкі з 12% да 13% на 1339,3 мільёна рублёў у параўнанні з мінулым годам павялічыліся паступленні ў бюджэт. Алена Савельеўна заўважыла, што рашэнне сацыяльна-эканамічных задач развіцця раёна патрабуе значных фінансавых рэсурсаў. Мабілізацыя ўсіх рэзерваў даходаў, атрыманне даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, разлікі прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу па бюджэтных пазыках, жорсткі рэжым эканоміі бюджэтных сродкаў дазволіць максімальна прыцягнуць у бюджэт дадатковыя даходы.
Па выніках абмеркавання былі прынятыя рашэнні.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №32 ад 28.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *