Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

703 пратаколы
У мінулым годзе жыхары раёна за дробнае хуліганства прыцягваліся да адказнасці 571 раз. 703 разы супрацоўнікі міліцыі складалі адміністрацыйныя пратаколы за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах. Прычым, сярод жыхароў райцэнтра ёсць і такія, хто неаднойчы прыцягваўся да адказнасці за падобнае правапарушэнне.
Ключы
Пацярпеў жыхар райцэнтра – у яго кватэры пабывалі злодзеі. Падабралі ключы да ўваходных дзвярэй і залезлі.
Гаспадары кватэры не далічыліся шубы, мехавай шапкі, гадзінніка, дарожнай сумкі. Агульны ўрон, нанесены пацярпелым, складае амаль 400 тысяч рублёў. Злодзеі вышукваюцца.
Прагулы
Жыхар Шуміліна, раней судзімы да 1,3 года выпраўленчых работ з вылічэннем 15% заробку ў даход дзяржавы, стаяў на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Але мужчына парушыў парадак выпраўленчых работ, меў шмат прагулаў. Узбуджана крымінальная справа.
Апёкі
У Мікалаёве адбыўся пажар. Калі выратавальнікі прыехалі на месца здарэння, гарэла канапа і электрагрэлка. Гаспадыня дома атрымала апёкі. Агонь залілі, дом застаўся цэлы. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрапрыбораў.
Бруснічнік
Мужчына з Міхалова запаліў мяшэчак з бруснічнікам у асабістым доме. Палаючы мяшэчак зваліўся на канапу, ад чаго яна згарэла. Матэрыялы па дадзенай справе перададзены ў аддзел унутраных спраў, вядзецца расследаванне.
Парушальнікі
За мінулы тыдзень супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі на дарогах раёна выявілі 133 парушальнікі. 55 вадзіцеляў парушылі хуткасны рэжым, 15 ехалі з непрышпіленымі рамянямі бяспекі, па 3 вадзіцелі – без абавязковай страхоўкі і без правоў кіравання. Правілы дарожнага руху парушылі 11 пешаходаў.
Аварыя
На аўтадарозе Віцебск-Полацк (паміж Мікіціхай і Шуміліна) адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Вадзіцель аўтамабіля ВАЗ-2107, які ехаў у бок Віцебска, пасля абгону пры перастраенні на сваю паласу руху не справіўся з кіраваннем. Аўтамабіль “занесла”, ён сутыкнуўся з “Фольксвагенам” (ім кіраваў жыхар г. Віцебска), які ехаў насустрач.
Вадзіцель ВАЗ-2107 ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр у рэанімацыйным аддзяленні райбальніцы. Трохгадовы сын вадзіцеля атрымаў траўмы, знаходзіцца на лячэнні. З цялеснымі пашкоджаннямі ў бальніцу дастаўлены і вадзіцель “Фольксвагена”. Па дадзенай аварыі праводзіцца праверка.
Стаянка
Жыхар Обалі спыніў вялікагрузную фуру на абочыне ля школы. А Правіламі дарожнага руху ўвогуле забараняецца стаянка ў населеным пункце аўтамабілям вагою больш за 3,5 тоны. Вадзіцель аштрафаваны на 175 тысяч рублёў, яму зроблены запіс у талоне папярэджання. Пры паўторным падобным парушэнні яму пагражае штраф да дзесяці базавых велічынь.
Па матэрыялах РАУС і райаддзела па надзвычайных сітуацыях падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №8 ад 1.02.2011 года



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *