Курган Дружбы: Непарыўная эстафета сяброўства

Актуалии

Курган Дружбы: Непарыўная эстафета сяброўства

Шырокі луг, па якім павольна бяжыць невялікая рачулка Сіняя (Зілупе), а да яе, закавырыста пятляючы, спяшаецца маленькая рачулка, хутчэй ручай, Няверыца. Але гэта непросты луг і няпростыя рачулкі. Там, за Сіняй – Латвія, а Няверыцы выпаў лёс стаць мяжой паміж Беларуссю і Расіяй…

Менавіта тут, на стыку межаў трох дзяржаў – Беларусі, Латвіі і Расіі – 3 ліпеня 1959 года быў адкрыты Курган Дружбы. На высокім пагорку насыпаны курган, на які прывезена зямля з магіл партызан і воінаў Чырвонай Арміі. На кургане памятныя пліты на трох мовах нагадваюць, што насыпаны ў гонар баявой дружбы, замацаванай крывёю ў гады Вялікай Айчыннай вайны рускіх, беларускіх і латышскіх партызан. Да кургана, на версе якога высіцца магутны дуб, вядуць тры алеі: з беларускага боку – бярозавая, з расійскага – кляновая, з латвійскага – ліпавая.
Сёлета арганізатарам урачыстасцяў 57-га Кургана Дружбы была Беларусь. Дэлегацыя Віцебшчыны вітала прадстаўнікоў расійскай Пскоўскай вобласці і Латвіі. Сумеснай калонай грамадзяне трох краін усклалі кветкі да помніка камсамольцам-падпольшчыкам беларускай вёскі Прошкі, накіраваліся па дарожках на расійскі бок да помніка Герою Савецкага Саюза Марыі Пынто. Зашчаміла сэрца, калі на мастку праз Сінюю пад пільным наглядам пагранічнікаў ветэраны з латвійскага боку перадалі кветкі для ўскладання да помнікаў у Беларусі і Расіі, і прынялі кветкі, каб ускласці іх да помніка Герою Савецкага Саюза Іманту Судмалісу. І межы не сталі перашкодай, калі над лугам паплыла “Кацюша”, якую пелі ўсе разам.
На правах прымаючага боку старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў сардэчна вітаў ветэранаў Беларусі, Расіі і Латвіі. “Сумесная барацьба партызан і падпольшчыкаў трох нашых краін – незабыўная старонка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”, – сказаў старшыня аблвыканкама. – Беларусы памятаюць урокі мінулай вайны. Мірная, свабодная родная зямля – лепшы помнік тым, хто загінуў на палях бітваў”. Мікалай Шарснёў нагадаў пра цеснае супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі ў сучаснасці.
Пра агульную памяць і сумеснае супрацоўніцтва гаварыў і губернатар Пскоўскай вобласці Андрэй Турчак. Ён адзначыў і станоўчы бок сёлетняй сустрэчы: “Упершыню за апошнія гады дэлегацыя Латвіі змагла падысці да граніцы, каб непасрэдна перадаць і прыняць кветкі ад расійскага і беларускага боку. Хочацца спадзявацца, што рух насустрач будзе працягвацца”.
Дэпутат Сейма Латвіі Артур Рубікс нагадаў пра спробы перапісаць гісторыю, пасяліць варожасць паміж народамі. Але, упэўнены палітык, агульная памяць пра подзвіг у гады вайны не дасць здзейсніцца гэтым спробам.
На мітынгу выступілі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій і епіскап Велікалуцкі і Невельскі Сергій, ветэраны трох краін.
Ва ўрачыстасцях на Кургане Дружбы брала ўдзел дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Снаравым.
Створаны па ініцыятыве партызан трох савецкіх рэспублік, курган стаў сімвалам дружбы народаў, сімвалам мірнага супрацоўніцтва. Кожны год на агульнай тэрыторыі праводзяцца ўрачыстасці, якія калісьці збіралі дзясяткі тысяч былых партызан, што прыязджалі на Курган са сваімі дзецьмі, потым унукамі. На жаль, час унёс свае карэктывы і сімвалічныя межы ператварыліся ў дзяржаўныя. Але гэтая непарыўная эстафета сяброўства будзе збіраць ля Кургана Дружбы людзей незалежна ад грамадзянства і нацыянальнасці. Тым больш, што эстафету ветэранаў падхоплівае моладзь: вось ужо некалькі гадоў запар ля Кургана дружбы праводзіцца маладзёжны лагер “Бе-La-Русь”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №52 ад 05.07.2016 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *