Старшеклассники СШ №1 поставили спектакль «Сердце деда»


Спектакль “Сэрца дзеда”
Трэці год дзевяцікласнікі СШ № 1 г. п. Шуміліна  разам са сваімі класнымі кіраўнікамі В. А. Баганавай, Н. В. Лаўрыновіч і С. А. Петуховай працуюць па праекце грамадзянска-патрыятычнага выхавання  “Дарогамі Перамогі”. Старшакласнікі наведвалі месцы баявой славы, прыбіралі на брацкіх могілках, удзельнічалі ў розных патрыятычных акцыях. А завяршыць свой праект вырашылі спектаклем у гонар 70-годдзя Перамогі.
Спектакль “Сэрца дзеда” ўспрымаўся на “біс” не толькі калектывам школы, але і запрошанымі гасцямі. На мінулым тыдні было ажно чатыры паказы. На працягу двух месяцаў гэты спектакль рыхтавалі пятнаццаць дзевяцікласнікаў пад кіраўніцтвам Святланы Аляксандраўны і Аляксандра Аляксеевіча Петуховых. І настаўнікі, і дзеці ў гэты спектакль уклалі ўсю сваю душу, сэрцам перажывалі за герояў, у якіх пераўвасобіліся.
Асновай спектакля стала п’еса Ю. Якаўлева “Як Сярожа хадзіў на вайну”,  сюды  дадалі матывы з повесці Б. Васільева ”А зоры тут ціхія”, а таксама мясцовыя ваенныя сюжэты: баі ля Крупчына, Сіроціна і іншых вёсак раёна.
Нескладаны сюжэт: хлопчык Сярожа захацеў на свае вочы пабачыць вайну і вяртаецца туды з дзедам забытымі ляснымі сцежкамі – разгортваецца ў сапраўдныя баявыя дзеянні. Са школьнай сцэны чутныя стрэлы і ўзрывы бомбаў. Зямля гудзела і дрыжала, здавалася, нават ля “акопаў” на сцэне патыхала гарэлым.  І гэтае водгулле далёкай вайны прабірала наскрозь, да самага сэрца. Гледачы вельмі перажывалі за тых дзяўчат, якім прыйшлося змагацца супраць ворага і якія загінулі, абараняючы Радзіму. На жаль, вайна не ведала межаў узросту і полу, тут кожны – салдат.
Спектакль пастаўлены ў сучаснай стылістыцы, якая была дапоўнена ваеннымі песнямі. Дзеці ігралі на сцэне цікава, праўдзіва, проста і даступна. “Сэрца дзеда” – напамінак усім нам, жывым, пра Вялікую Айчынную вайну, пра памяць аб загінуўшых, пра мужныя сэрцы нашых дзядоў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №36 ад 12.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *