«ЭкоБум» + инициатива людей = новый двор в Шумилино

Главное Общество

Новы двор – талакой

Падыходзіць да фінішу рэалізацыя праекта па добраўпарадкаванні двара па вуліцы Юбілейная, 75

Усе работы па мантажу ў двары неабходнага абсталявання жыхары робяць самі.

Там ужо ўстаноўлены сучасны дзіцячы комплекс, тэнісны стол, вулічныя трэнажоры. На падыходзе – велапаркоўка і велагараж. Работы вядуцца сіламі саміх жыхароў. Аказалася, што старая добрая талака і сёння можа быць актуальнай.
Нагадаем, што 10 тысяч долараў на трансфармацыю аднаго з шумілінскіх двароў з’явіліся дзякуючы перамозе ў конкурсе міні-праектаў «Тандэм – V», які рэалізуецца Еўрапейскай Асацыяцыяй мясцовай дэмакратыі ALDA з удзелам асветніцкага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі». Ініцыятыва і вырашэнне ўсіх арганізацыйных пытанняў належаць актывістам грамадскага аб’яднання «ЭкаБум».
Трапіць у пяцёрку шчасліўчыкаў, калі на перамогу прэтэндавалі больш за 60 праектаў, – гэта яшчэ не ўсё. Важна захапіць ідэяй людзей, згуртаваць іх вакол агульнай справы на карысць усіх. Улічваючы нашу сённяшнюю закрытасць і адасобленасць, гэта сапраўдная сверхзадача. Але аказалася, што людзі заўжды гатовы падтрымаць добрую ініцыятыву.
– Лапавухавы, Сітнікавы, Аксёнавы, Аляксеенка, Кулікавы, Атока – усяго дзесьці 20 сем’яў пастаянна адгукаюцца на прапанову выйсці папрацаваць, – расказвае лідар «ЭкаБума» Ірына Кулікава. – Многія маюць вопыт у будаўніцтве, што асабліва каштоўна ў нашым выпадку. Маладыя ж гэтага самага вопыту набіраюцца. Грошы гранта можна траціць выключна на абсталяванне. Мантаж і ўстаноўка робяцца сваімі сіламі. Аказалася, што нашы мужчыны ўмеюць усё. І інструмент у іх неабходны маецца, і пытанне любое вырашыць могуць. Вядома, разам з жанчынамі. Куды без іх?..
Ініцыятыву падтрымалі і мясцовыя ўлады, узяўшы на сябе частку расходаў. ЖКГ, да прыкладу, дэманціравала старую дзіцячую пляцоўку, вырабіла і ўстанавіла ля пад’ездаў лавачкі, прывезла бетонныя пліты для тэніснага стала. ДРБУ № 204 узяла на сябе задачу заасфальтаваць двор. Стварылі жыхары і свой уласны фонд, з якога купілі відэакамеру, расшырылі аўтастаянкі, аплачваюць работу тэхнікі. Наперадзе – азеляненне. Ёсць план пасадкі кветак, кустоў і дрэў.
Праект яшчэ не завершаны, але ўжо зразумела, што ён удаўся. На дзіцячай пляцоўцы поўна дзетвары, у тым ліку і з суседніх двароў. Усіх знаёмяць з правіламі паводзін – вельмі хочацца, каб новы аб’ект як мага болей радаваў малых, а не быў зламаны, як многія іншыя ў горадзе. Да тэніснага стала бывае і чарга. Дарэчы, для яго ўстаноўкі спатрэбілася сіла 12-ці мужчын – важыць тону. Наогул, абсталяванне – а выбіралі яго ўсім дваром – антывандальнае, даўгавечнае і бяспечнае.
– Гэта работа згуртавала не толькі суседзяў, але і самі сем’і, – упэўнена Таццяна Лапавухава. – Людзі выходзяць кожны вечар і нават засмучаюцца, калі работы няма. У працэсе нараджаюцца новыя ідэі. З’явіліся арэлі для дзяцей, і дарослым захацелася. Цяпер думаем, як зрабіць.
У рамках праекта праводзіцца конкурс па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, на які ўжо пададзена каля 10 заявак. Пераможца атрымае дзіцячы комплекс коштам у 360 долараў. Падарунак будзе набыты за сродкі гранта.
– Вельмі хочацца, каб да нашай ініцыятывы далучылася як мага больш людзей, – гаворыць Ірына Кулікава. – Мы ўжо бачым, як мяняюцца шумілінскія двары. Гэта натхняе. І мы шчаслівыя.
Работы па праекце завершацца да канца жніўня і будуць адзначаны вялікім святам двара.
У чым сэнс такой ініцыятывы? Адзін можа памыць трэнажоры і пасадзіць кветкі, другі – зманціраваць гараж і ўстанавіць бетонныя пліты. А разам яны – вялікая сіла, што мяняе жыццё да лепшага.
Дарэчы, мы правялі адзін вечар разам з талакой на Юбілейнай, 75. Відэасправаздачу глядзіце на нашым акаўнце ў інстаграме.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №62 ад 11.08.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *