«Зарница» собрала в Шумилино 9 команд


Перамога гімназістаў
Сёлетняя ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца” была прысвечана 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На гарадскім стадыёне за перамогу змагаліся дзевяць каманд з сярэдніх школ раёна.
На ўрачыстым адкрыцці “Зарніцы”  начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  В. В. Мянькова адзначыла папулярнасць гульні сярод школьнікаў. Справядлівай барацьбы і спартыўных поспехаў пажадалі ўдзельнікам фэсту намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў.
На папулярныя спаборніцтвы школы выставілі добра падрыхтаваныя каманды. Інтрыгі надаваў і той факт, што ў гульні не ўдзельнічалі шматразовыя пераможцы раённай “Зарніцы” – каманда Лаўжанскай школы.
Галоўны этап на “Зарніцы” – ваенізаваная паласа, у якую ўваходзілі эстафета, “мышалоўка”, перанос «пацярпелага», стральба з пнеўматычнай зброі, купіны і лабірынт. Тут неабходны камандны дух, узаемадапамога, вынослівасць, спартыўныя навыкі і ўменні.  Лепш за ўсіх на паласе паказала сябе  каманда з раённай гімназіі, другой стала Мішневіцкая школа, трэцяй – Шумілінская СШ №1.
Гэтыя ж каманды занялі прызавыя месцы ў кіданні гранаты. Першае месца ў каманды  Мішневіцкай школы, другое – у раённай гімназіі, трэцяе – у Шумілінскай СШ №1.
Суддзі строга падышлі да конкурсу песні і строю, улічвалі кожны дробны недахоп. Першае месца было аддадзена пастаянным удзельнікам гульні камандзе з Мікіціхінскай СШ, другое – Башнёўскай школе, трэцяе – Амбросавіцкай школе.
У конкурсе   баявых лісткоў па-за канкурэнцыяй былі работы з  Амбросавіцкай школы і раённай гімназіі, яны і “ўзялі” два першыя месцы.   У гістарычным конкурсе  арганізатары прапанавалі ўдзельнікам квест “Патрыёт”: першае месца тут падзялілі знатакі роднай гісторыі з СШ №1 і з Мікіціхі, трэцяе месца ў каманд з раённай гімназіі і СШ №2. У конкурсе творчых праектаў “Ліст пераможцу” лепшую работу  прадставіла СШ №1.
Сёлетняя “Зарніца” парадавала відовішчнай і напружанай барацьбой.  Па суме ўсіх конкурсаў перамагла каманда з раённай гімназіі, другое месца ў Шумілінскай СШ №1, трэцяе – у Амбросавіцкай школы.
Пераможцы з раённай гімназіі будуць абараняць гонар нашага раёна на абласной “Зарніцы”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №38 ад 22.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *