Женщина года Шумилиншчины: Елена ВИЕРУ

Актуалии Здоровье Общество

“Я заўжды ведала, што буду ўрачом”
Алена Георгіеўна Віеру – цалкам адданы сваёй справе ўрач. Ні багаты прафесійны вопыт, ні цяжкасці, якія непазбежныя ў такой складанай і адказнай рабоце, ні якія іншыя абставіны не прымусілі гэту жанчыну спыніцца ў прафесіі, неяк у ёй расчаравацца. Яна засталася ўважлівай і зацікаўленай ва ўзаемінах з пацыентамі, яна пастаянна расце як прафесіянал, яна, здаецца, нарадзілася для таго, каб палягчаць людскі боль. У інтэрв’ю Алена Георгіеўна прызналася, што заўжды ведала, што будзе ўрачом.
І сёлета А. Г. Віеру, загадчык паліклінікі раённай бальніцы, была ўдастоена пачэснага звання “Жанчына года Шуміліншчыны”. Расказала, што ў 1990 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Пасля інтэрнатуры ў Віцебску прыйшла працаваць у Шуміліна, на радзіму, дзе лячыла людзей маці, дзе закончыла сваю любімую СШ №1.
– Алена Георгіеўна, вы з дзяцінства марылі стаць доктарам?
– Я не тое што марыла, я дакладна ведала, што стану ўрачом. А кім? Мама была доктарам, і я ў бальніцы праводзіла вельмі шмат часу.
– А быў такі момант, што прафесія вас расчаравала?
– Не, нечаканасцяў для мяне не было. Я з дзяцінства добра сабе ўяўляла, што гэта за прафесія. Нават дапамагала маме.
– Вы памятаеце сябе маладым спецыялістам, бачыце маладых, якія прыходзяць у медыцыну сёння. Скажыце, чым адрозніваецца малады доктар зараз і 20 год таму.
– Ведаеце, гэта залежыць найперш ад чалавека, а не ад нейкай канкрэтнай эпохі. Сёння ёсць вельмі добрыя маладыя медыкі, я бачу, што яны на сваіх месцах. На жаль, трапляліся і такія, якія і самі не ведалі, навошта вывучыліся на дактароў. Я потым задавала ім такое пытанне, дык казалі, што бацькі адправілі ў медінстытут, каб у сям’і быў свой урач. Не ўсе разумеюць, што гэта складаная работа, у  тым ліку маральна – адказнасць вельмі вялікая. Але, наогул, маладымі спецыялістамі я задаволена: падрыхтоўка ў іх добрая.
– А якія, скажам, тры правілы трэба вытрымліваць чалавеку, каб быць здаровым доўгія гады?
– Рух, правільнае харчаванне і жыццёвы аптымізм.
– Гэта значыць, што вы згодныя са сцвярджэннем, што хваробы часта бываюць у галовах?
– Практычна заўжды так бывае. Гэта называецца – сыход у хваробу. З-за дрэннага настрою зніжаецца імунітэт, і людзям складана выздаравець. Карацей, аптымізму жадаю ўсім і сабе таксама.
– А вы можаце скласці нейкі зборны вобраз сярэднестатыстычнага шумілінскага пацыента?
– Гэта чалавек, які не зусім адказна ставіцца да свайго здароўя, прафілактыкай займаецца слаба і лечыцца толькі тады, калі яму становіцца зусім дрэнна. І я не выключэнне – усё некалі. У нас жа здаровыя людзі толькі на прафагляды прыходзяць, а хворыя тыя правілы, пра якія мы гаварылі раней, не выконваюць. Недастаткова рухаюцца, і харчаванне, магчыма, не зусім здаровае, і аптымізму не хапае. А ён патрэбны: усё праходзіць, а выхаду няма толькі з магілы – я скажу так.
– А як вы ацэньваеце магчымасці райбальніцы для таго, каб аказаць паўнавартасную дапамогу хвораму?
– Ведаеце, па абследаванні ў нас значна выраслі магчымасці ў адрозненне ад тых часоў, калі я толькі пачынала. У нас і абсталяванне, і спецыялісты добрыя. Для раённага ўзроўню ў нас нядрэннае забеспячэнне. Пазнавата звяртаюцца людзі, тады кажуць, што ўрачы не дапамаглі. Так, не заўжды можна дапамагчы, але на нашым узроўні мы можам і прафілактыку правесці, і абследаванне, і палячыць. Звяртайцеся, калі ласка.  Своечасова. Я заўжды гавару, асабліва мужчынам: машына тэхагляд праходзіць штогод, а вадзіцель?..
– Дзякуй за размову. Жадаем вам адказных, зацікаўленых у сваім здароўі пацыентаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 32 ад 22. 04. 2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *