Спортивный праздник Шумилино встретило на спортивных площадках

Актуалии Спорт, туризм

Адзначылі свята на спартыўных пляцоўках
“У шумілінскага спорту даўнія годныя традыцыі, якія працягваюць мацаваць маладыя спартсмены, – адзначыла на ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў, прысвечаных Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, начальнік ад-дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова. – Так, напрыклад, у пятніцу чэмпіёнам Беларусі па грэка-рымскай барацьбе стаў обальскі барэц Вадзім Грачухін”. Валянціна Васільеўна пажадала ўдзельнікам яркіх спартыўных перамог.
Спаборніцтвы ў суботу падарылі добры настрой як самім удзельнікам, так і балельшчыкам. На першы план выйшлі не спартыўныя перамогі, а любоў да спорту, папулярызацыя фізічнай культуры.
Не пашкадавалі тыя, хто прыйшоў у Шумілінскую СШ №1 паглядзець на таварыскую сустрэчу па баскетболе, у якой зборная каманда настаўнікаў і выпускнікоў школы супрацьстаяла старшакласнікам. Не так часта на спартыўнай пляцоўцы ў запале барацьбы можна пабачыць настаўніка фізкультуры Генадзя Садохіна ці настаўніка гісторыі Сяргея Сахончыка.  Перамога засталася за больш вопытнай камандай.
Пакуль у СШ №1 гулялі ў баскетбол, на гарадскім стадыёне галоўнымі героямі былі дзеці. Яны дэманстравалі сваё футбольнае майстэрства ў раённым турніры па міні-футболе “Скураны мяч”.
Тым часам у спартзале ДзЮСШ разгарнулася барацьба пад сеткай, якая ператварылася ў сапраўднае відовішча. Валейбольныя каманды выхаванцаў спартыўнай школы, бацькоў і настаўнікаў (мужчыны і жанчыны) адзначалі свята ўпэўненымі прыёмамі і разнастайнымі падачамі, блокамі і хітрымі камбінацыямі.  Як можна застацца раўнадушнымі, калі на пляцоўцы гуляюць, напрыклад, Сяргей Аксёнаў і Алег Цвяткоў, Рыта Бяззубенка і Вікторыя Дубко, сын і бацька Пальвінскія, дырэктар ДзЮСШ Алег Асташонак і дырэктар Лаўжанскай школы Юрый Мясаедаў!  А Аляксей Аляшкевіч нават свой дзень нараджэння адзначыў гульнёй ў валейбол.
Упрыгожаннем свята сталі “Малыя алімпійскія гульні”, у якіх прынялі ўдзел тыя ж каманды, што гулялі ў валейбол. Удзельнікі спартландыі скакалі і бегалі, падцягваліся і адціскаліся. І рабілі гэта з цудоўным настроем і ўсмешкамі.
Прайграўшых у гэты спартыўны дзень не было. Апроч зараду бадзёрасці і настрою кожная каманда атрымала салодкі падарунак.
На гарадскім стадыёне таксама прайшла таварыская гульня па футболе паміж камандамі ФК “Шуміліна” і “Вікінг” (Віцебск). Шумілінская каманда паўстала перад балельшчыкамі ў эксперыментальным выглядзе. На жаль, нашы футбалісты з лікам 2:4 прайгралі сустрэчу.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №38 ад 22.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *