Поўнае фіяска, або Ці ёсць будучае ў шумілінскага футбола?

Актуалии

Завяршыўся першы круг чэмпіянату вобласці па футболе, які ФК “Шуміліна” поўнасцю праваліў. На рахунку нашых футбалістаў пяць паражэнняў, прычым чатыры з буйным лікам (па 9:0 ад “Лепелькі” і ўшацкага “Партызана”, 5:1 ад верхнядзвінскай “Дзвіны- Барс”, 4:1 ад расонскага “Экстрыма”), розніца забітых і прапушчаных галоў 2:29(!).
Што адбываецца з шумілінскім футболам, ці ёсць у яго перспектывы развіцця? Пра гэта размаўляем з начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргеем КАРЖУЕВЫМ і лідарам каманды ФК “Шуміліна” Аляксандрам ЯНКЕВІЧАМ.
– Калі ласка, ацаніце вынікі першага круга чэмпіянату вобласці па футболе?
С. К.: Не было ні перамог, ні наогул гульні, як вынік — каманда поўнасцю праваліла першы круг …
А. Я.: Фіяска. Наш футбол прыйшоў да заканамернай рысы. Як да каманды адносяцца, такі і вынік.
– Як праходзіць трэніровачны працэс, з якімі праблемамі сутыкаюцца нашы футбалісты?
А. Я.: Пра якія трэніроўкі можна казаць?! У каманды ўсяго адзін мяч, які самі купілі. Форме ўжо гады тры, праўда, параўнальна нядаўна выдалі новую… з сэканд-хэнда. Пра буцы нават размову не вядзем: кожны набывае сам. Крыўдна становіцца за такія адносіны, асабліва калі бачыш у другіх раёнах абсалютна іншае. Напрыклад, узгадваецца прыезд да нас расонскіх футбалістаў: у новай сучаснай форме, мячоў шэсць з сабой прывезлі…
Хаця і гэта не галоўнае. Камандзе проста неабходны трэнер. Мы аматары, гуляем так, як умеем. А падказаць, параіць няма каму. Вось з прычыны гэтага і правалы.
С. К.: Чаму доўгі час не набываліся новыя мячы? Справа ў тым, што аддзел можа набываць спартыўны інвентар толькі беларускай вытворчасці, а мячы ў нас не вырабляюць. На мінулым тыдні камандзе перададзены два мячы, у бліжэйшы час будуць набыты яшчэ. У трэцім квартале будзе і новая форма. Мячы набылі за кошт пазабюджэтных сродкаў. Рашаецца і пытанне з трэнерам. Аляксандр Ходзюш мае патрэбную адукацыю, ён і будзе займацца камандай.
Хачу падкрэсліць, што ФК “Шуміліна” – гэта не каманда аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, а каманда ўсяго раёна. У ёй, у адрозненні ад іншых каманд, што выступаюць на чэмпіянаце вобласці, гуляюць толькі мясцовыя хлопцы, мы не запрашаем “легіянераў” з Віцебска і Полацка. Мы развіваем наш мясцовы футбол.
Толькі вось не ўсе гэта разумеюць. Ва Ушачах, у Расонах, Верхнядзвінску і Міёрах за камандамі замацаваны мясцовыя прадпрыемствы, якія вы-дзяляюць спонсарскую дапамогу. За гэтыя сродкі набываюцца і мячы, і іншы спортінвентар, дарэчы, і не беларускай вытворчасці.
– Што чакаць ад ФК “Шуміліна” у другім крузе чэмпіянату вобласці па футболе і наогул ці ёсць перспектывы ў шумілінскага футбола?
А. Я.: Кардынальных змен, відаць, не будзе. За тыдзень-другі становішча не зменіш. Неабходна, каб да каманды павярнуліся ўсе зацікаўленыя асобы, падтрымлівалі і матэрыяльна, і маральна. Толькі ў гэтым выпадку можна чакаць станоўчых вынікаў і размаўляць пра перспектывы шумілінскага футболу. А пакуль што, як у вядомай фразе “не страляйце ў піяніста: ён іграе так, як умее”.
С. К.: Першы круг павінен стаць для шумілінскай каманды той кропкай, з якой пачнецца новы этап развіцця. Як нельга працаваць і гуляць, мы ўжо прайшлі. Цяпер неабходна паказаць як трэба.
Перспектывы ў нашага футбола ёсць, гэта адназначна. Сёння за каманду пачалі іграць чатыры старша-класнікі. Летась адкрыта аддзяленне футбола ў ДЮСШ, якое гадоў праз пяць-сем падрыхтуе футбалістаў для раённай каманды.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *