Про пенсионерку алкоголичку и инфантильного мужчину

Общество

Пенсіянерка-алкагалічка і інфантыльны малады чалавек
Прафілактыцы п’янства і правапарушэнняў было прысвечана пасяджэнне пункта аховы правапарадку і наглядальнай  камісіі, якое 20 мая правёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Хаця калі на пачатку пасяджэння ў кабінет адна за адной пачалі заходзіць кабеты паважанага пенсійнага ўзросту, стала зразумела, што перад іх сінімі тварамі прафілактыка абсалютна бездапаможная. А вось паведамленне пракурора раёна С. У. Зайцава, што ў вобласці плануюць адкрыць лячэбна-працоўны прафілакторый для пенсіянераў, яўна дайшло да свядомасці многіх і нават выклікала пратэст.
Так, у нашым грамадстве ўсё ярчэй выяўляецца тэндэнцыя бытавога п’янства сярод пенсіянерак. Чаму размову вядзем толькі пра жанчын? Ды таму што вобраз сталай жанчыны ў нашай свядомасці стасуецца з гаспадыняй сямейнага ачага, ля якога туляцца дзеці і ўнукі, са светлым абліччам мудрай дарадчыцы, да якой родныя ідуць за парадай. Але чамусьці многія з тых, хто атрымаў права на заслужаны адпачынак, вырашылі, што яны абсалютна свабодныя ад усіх абавязкаў і могуць рабіць “усё, што захочуць”.  Гэтае “усё, што хачу” з-за абмежаванасці інтарэсаў і захапленняў часта заканчваецца п’янкамі, у якія ўцягваюцца новыя члены “вольнага таварыства”. Вядома, некаторыя да гэтага ішлі пакрысе, спакваля, але факт застаецца фактам. І сёння сярод жанчын-пенсіянерак мы можам назіраць нейкую палярнасць: адны стараюцца скарыстаць свой вольны час на паездкі, экскурсіі, сям’ю, унукаў, кнігі, кветкі, іншыя захапленні. Другія ж співаюцца. А колькі трэба жанчыне, каб спіцца – нарколагі сцвярджаюць, што гэтая дарога вельмі кароткая і вядзе яна ў небыццё.
Другая тэндэнцыя, якую мы таксама можам назіраць у нашым грамадстве – інфантыльнасць маладых мужчын, якія, здаецца, і нарадзіліся мужчынамі памылкова. Ці раслі ў такіх сем’ях, дзе роля мужчыны зводзілася да нуля? Як бы там ні было, а толькі праз гэтае пасяджэнне прайшло сямёра такіх. Усіх іх яднае гатоўнасць жыць за чый-небудзь кошт (жонкі, бацькоў-пенсіянераў), імкненне любым спосабам пазбягаць цяжкасцей, шкадаваць сябе і вінаваціць у сваіх няўдачах усіх – родных, грамадства, толькі не сябе. “Мне здароўе не дазваляе цяжка працаваць”, “Мне няма дзе жыць”, “Знайдзіце мне работу”  – з выклікам кідаюць яны свае прэтэнзіі. В. В. Юхнавец не вытрымаў, павысіў голас на 22-гадовага альфонса, які прыстроіўся да жанчыны, жыве ў яе доме, не працуе, любіць выпіць і паесці. Ды яшчэ і ад арміі ўхіляецца: “Ты хто такі? Лётчык? Вучоны? Што ты сам зрабіў для свайго жыцця, для сябе?”
Тым не менш увесь гэты кантынгент добра ведае, што Прэзідэнтам падпісаны дэкрэт аб сацыяльным утрыманстве і што некаторыя з іх пры ўсім нежаданні вымушаны будуць шукаць работу. І гэтая акалічнасць, а таксама тое, што сур’ёзная армія работнікаў вярнулася з Расіі, паспрыялі таму, што на рынку працы практычна няма вакансій. А калі і здараюцца, то наймальнік ужо мае магчымасць выбіраць, і можна быць упэўненым, што свой выбар ён зробіць не на карысць п’яніц і дармаедаў.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *