Светласельскі сельсавет: штрыхі да партрэта

Актуалии Общество Экономика

Светласельскі сельсавет: штрыхі да партрэта

Некалькі лічбаў
Светласельскі сельсавет. Адметнасць яго найперш заключаецца ў размяшчэнні, абумоўлена блізасцю Шуміліна, зручнасцю транспартных зносін. Сам аграгарадок Светласельскі можна лічыць мікрараёнам Шуміліна.  Маляўнічая прырода, непаўторныя азёры, велічныя храмы надаюць гэтай мясцовасці асаблівую прывабнасць.
Па плошчы Светласельскі сельсавет (17 317 га) на трэцім месцы – пасля Мішневіцкага (34 234) і Лаўжанскага (22 859), па  колькасці насельніцтва займае другое месца. Тут пражывае 2149 чалавек, у тым ліку 1304 чалавекі працаздольнага ўзросту, 331дзіця. Плюс часова пражывае 399 дачнікаў. У сельсавеце 19 населеных пунктаў, 613 дамоў прысядзібнага тыпу, 28 шматпавярховак з 297 кватэрамі.
Сем вёсак сельсавета налічваюць ад 1 да 10 жыхароў,  шэсць – ад 11 да 50. Самыя буйныя населеныя пункты – аграгарадок Светласельскі (799 чалавек), аграгарадок Башні (408), вёска Язвіна (394), вёска Лескавічы (175 чалавек).
Вытворчы сектар сельсаваета прадстаўляюць УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” і ААТ “АграБаравінка”.
У сельсавеце захоўваецца даволі развітая сацыяльна-культурная сфера. Тут працуе 5 устаноў адукацыі, у тым ліку Шумілінская раённая гімназія, 3 бібліятэкі і 2 сельскія клубы, 3 установы аховы здароўя, у тым ліку Светласельская амбулаторыя, 2 комплексныя прыёмныя пункты, 7 крамаў, 4 аддзялення сувязі.

Майскія клопаты старшыні

Рабочы дзень старшыні Светласельскага сельскага Савета Віктара Шчарбакова напоўнены мноствам будзённых спраў. У той майскі дзень, калі да яго завітала раённая прэса, Віктар Вікенцьевіч з раніцы арганізоўваў паліў новапасаджанага парка каля дзіцячага сада, займаўся яшчэ дзясяткам неадкладных спраў.
– У парку растуць 30 бяроз, 30 сосен і 18 рабін, – расказаў нам старшыня, – пасадку яго ініцыяваў кіраўнік раёна Аляксандр Снараў, а мы падтрымалі.
Актуальным на той дзень было пытанне грэйдзіравання пад’ездаў да грамадзянскіх могілак – хутка Тройца, многія збіраюцца наведаць апошняе прыстанішча сваякоў, крыўдна будзе, калі пад’езд акажацца пад ворывам. Вось і ў рэдакцыю раённай газеты паступіла скарга, што да Аўсіеўскіх могілак, якія знаходзяцца каля Крупчына, не праехаць.
– Мы ўжо прагрэйдзіравалі пад’езды да могілак у Язвіне, Лескавічах, Башнях, Ужляціне, некаторыя нават па тры разы. Да Тройцы паправім усе пад’езды, – запэўніў Шчарбакоў, – калі толькі не ўнясе свае карэктывы дождж.
Слоў на вецер старшыня не кідаў. Літаральна назаўтра пасля нашай гутаркі ён завітаў у рэдакцыю, забраў карэспандэнта і павёз паказваць, што пад’езд да Аўсіеўскіх могілак зроблены.

А ў той дзень разам з Віктарам Вікенцьевічам мы пабывалі ў самых руплівых малаказдатчыкаў Светласельскага сельсавета. Вось, напрыклад, мы не маглі праехаць міма двара Надзеі Аляксандраўны і Віктара Васільевіча Сямёнавых з Башнёў. У свой час знатная гаспадыня прымала ўдзел у абласных Дажынках і атрымала тэлевізар з рук губернатара, глядзець які, праўда, часу няма, хіба што зімой за вязаннем. Які тэлевізар і іншыя забавы, калі цябе чакаюць тры гектары зямлі, тры каровы, дзве цёлкі, свінні, а гусей, качак індыкоў дык наогул ніхто не лічыў. “Праца на гаспадарцы, вядома, цяжкая, затое галодны не будзеш”, – кажа Надзея Аляксандраўна.

Комплексныя спадзяванні

Яшчэ свежыя ў памяці ўспаміны, калі вёска перажывала сапраўдны рэнесанс, атрымліваючы такія моцныя фінансавыя ін’екцыі, што проста абавязана была адплаціць узаемнасцю і жыць калі не квітнеючы, то хаця б стабільна. Менавіта Башні распачалі эстафету адкрыцця аграгарадкоў у раёне, і менавіта ў Башнях быў пабудаваны буйнейшы малочнатаварны комплекс. Гэта была грандыёзная будоўля, але той-сёй усё ж сумняваўся ў прыдатнасці праекта канкрэтна для нас. Прайшло сем год пасля ўводу першага будынка, і некаторыя вывады рабіць можна.
“Сама ідэя комплексу нядрэнная, – упэўнена галоўны заатэхнік ААТ “АграБаравінка” Алена Пяшко, – мы ў свой час мелі магчымасць пазбавіцца ад фермаў, якія зжылі сябе, састарэлі маральна і фізічна”. Тут задумваўся поўны цыкл вытворчасці, што само па сабе выдатна. І нават не зімовыя маразы – галоўная бяда жывёлаводаў: калі яны не перавышаюць 20 градусаў, комплекс працуе без праблем. А вось сродкаў на тэхнічнае абслугоўванне сучаснага абсталявання не хапае. Мы бачым, што і сёння комплекс недабудаваны. Такая маштабная вытворчасць, вядома, мяркуе пастаяннае аднаўленне і мадэрнізацыю, узяць хаця б тыя ж камп’ютарныя праграмы. А для гэтага трэба, каб вытворчасць была паспяховай. Але надоі не радуюць, таму і грошам узяцца няма адкуль. Вось і атрымліваецца, што пакуль МТК “Башні” не апраўдвае ўскладзеных на яго спадзяванняў. Але хочацца верыць, што сітуацыя зменіцца – добры задзел ёсць.

Башнёўская мэрыя
Ала Сафончык усё жыццё працуе з  людзьмі. Першыя 15 год свайго працоўнага жыцця аддала ветэрынарыі – была галоўным ветурачом тутэйшага калгаса. А цяпер ужо 15 год загадвае Башнёўскай бібліятэкай. Яна адкрытая для ведаў, адкрытая для людзей, умее пачуць кожнага чалавека, стараецца дапамагчы. І жыхары Башнёў палічылі яе кандыдатуру ідэальнай для пасады старэйшыны вёскі. Таму Башнёўская бібліятэка выступае цяпер і ў ролі такой мясцовай мэрыі, свецка-культурнага цэнтра. Але Ала Валянцінаўна не любіць гаварыць пра сябе, яна хваліць кіраўніка гаспадаркі Уладзіміра Арлова і старшыню сельвыканкама Віктара Шчарбакова за тое, што яны заўсёды з людзьмі і за людзей, хваліць сваіх чытачоў (“Абавязкова напішыце пра В. М. Буцько, Н. М. Новікаву, М. С. Талсташову”), хваліць дзетак, якія бягуць у бібліятэку, яна не лічыць нечым надзвычайным тое, што сама вядзе зімой дзяцей катацца з горкі, на прагулку да вострава “Круглік”, смажыць з імі хлеб на вогнішчы, выразае сняжынкі, вучыць любіць жыццё і кнігу. Вясковы бібліятэкар – гэта энцыклапедыст, дарадчык, умелец на ўсе рукі. Як Ала Сафончык.

Язвінскі “Віраж”
Надзея Ісаковіч, гаспадыня прыдарожнага кафэ “Віраж”, што ў Язвіне, уражвае сваім аптымізмам, уменнем трымацца на зменлівых хвалях прыватнага бізнесу: “Я ніколькі не шкадую, што рашылася на гэтую справу, вельмі задаволена аб’ектам, лічу гэта выгадным укладаннем. Больш таго, бачу перспектывы развіцця: калі б хто знайшоўся і адкрыў бы тут які шынамантаж ці іншы рамонт аўтамабіляў, атрымаўся б цэлы комплекс…”.
Яна шчыра расказвае пра ўсе свае справы, радуецца, што “Віраж” карыстаецца попытам і як магазін, і як кафэ. Сюды з задавальненнем ідуць язвінцы за прадуктамі і выпіць кавы, ідуць дачнікі, вельмі любяць заязджаць развозчыкі прадуктаў з Глыбокага, Паставаў, Верхнядзвінска, іншых гарадоў. Яны выязджаюць рана, а “Віраж” ужо з 7 гадзін раніцы адкрыты для ўсіх праезджых і прахожых. І працуе да 9 вечара.

Тут дзве прадаўшчыцы, абедзве старанныя і спрытныя. Умеюць прапанаваць тавар і прыгатаваць каву. Мы гэта адчулі на сабе, дзякуй Вользе Васілеўскай (на здымку), якая напаіла журналістаў духмянай кавай.

Аграсядзіба чакае гасцей

Гатова да новага сезона башнёўская аграсядзіба “У Пятровіча”. Яе гаспадар Васіль Зянькоў (на здымку) паказаў нам новы калодзеж на сваёй сядзібе, які, дарэчы, яму выкапалі і ўладкавалі свае ж башнёўскія хлопцы.
Так, ёсць у Башнях і такі від прадпрымальніцтва, як будаўніцтва калодзежаў, што афіцыйна зарэгістраваны і, як бачыце, мае попыт.
Аграсядзіба “У Пятровіча”, як многія тутэйшыя, месціцца на самым беразе возера Башні. Гасцям з Санкт-Пецярбурга, якіх у бліжэйшы час чакае Васіль Пятровіч, несумненна, спадабаецца гэтае суладдзе з прыродай, паветра, настоенае на водары разнатраўя, цішыня, напоўненая спевамі птушак.

І цябе вылечаць, і мяне вылечаць…
Яна размешчана ў Шуміліне, абслугоўвае шумілінцаў з так званага Брыкету ды яшчэ пацыентаў з Ляжнёў і Дабеі, тым не менш, гэта Светласельская ўрачэбная амбулаторыя. Мы пацікавіліся, наколькі поўны комплекс медыцынскіх паслуг аказвае гэта ўстанова аховы здароўя, ці не бывае так, што на прыём да ўрача трэба ісці ў амбулаторыю, а каб здаць неабходныя аналізы ці атрымаць бальнічны – у ЦРБ?
Усе сумненні развеяў загадчык амбулаторыі тэрапеўт Аляксей Мянькоў, які сказаў, што на месцы можна здаць не толькі ўсе неабходныя аналізы, але і яшчэ прайсці ЭКГ, наведаць акушэрскі, працэдурны кабінеты, атрымаць лячэнне ў дзённым стацыянары. А не так даўно ў амбулаторыі адкрыўся яшчэ і стаматалагічны кабінет. Таксама тут працуе аптэка, дзе ёсць усе лекі, што звычайна прызначае ўрач. За мінулы месяц амбулаторыя прыняла 512 чалавек, урач здзейсніў амаль сотню выездаў на дом.

У гімназіі горача
У канцы навучальнага года да Шумілінскай раённай гімназіі павышаная ўвага: як гімназісты здадуць тэсты, куды паступяць, ці апраўдаюць надзеі педагогаў і бацькоў, ці падмацуюць упэўненасць іншых бацькоў у неабходнасці гімназічнай адукацыі.
Дырэктар гімназіі Ларыса Маладзечкіна паміж урокам інфарматыкі (“гімназіі не хапае настаўніка гэтай дысцыпліны, даводзіцца весці самой”) і сустрэчай з бацькамі патэнцыяльных гімназістаў “прытармазіла” перад уваходам у гімназію, адказала на пытанні журналістаў, паралельна правяла нараду са сваімі намеснікамі.
“У гімназіі зараз вельмі гарачая пара, – падзялілася Ларыса Уладзіміраўна, – рыхтуемся да выпускнога, вядзем работу па прыёму дзяцей у 5 клас – з 2 чэрвеня ўжо пачынаюцца экзамены. Трэба прыняць 18 чалавек, жадаючых больш, таму будзе конкурс. На парадку дня ў нас і другасная занятасць, 15 тысяч рублёў, якія нам выдаткаваны, мы будзем асвойваць на рамонце агароджы, вырабе стэндаў, пашыве штор і нават укладцы тратуарнай пліткі”.
Не забывае Ларыса Маладзечкіна і пра свае дэпутацкія абавязкі, людзі нагадваюць, звяртаюцца. З апошніх наспела пытанне ўстаноўкі дадатковых кантэйнераў у Лескавічах, дэпутат раённага Савета спадзяецца, што камунгас пойдзе насустрач вяскоўцам.

Рэлігійны турызм
Адразу два храмы, праваслаўны і каталіцкі, размясціліся ў адным сельсавеце, падарыўшы людзям магчымасць мацаваць сваю веру, станавіцца лепшымі, гарманічна жыць.
Апроч таго, і царква Сергія Раданежскага ў Лескавічах, і касцёл Маці Божай Фацімскай у Светласельскім  спаўна могуць прэтэндаваць на аб’екты, цікавыя не толькі для паломнікаў і пілігрымаў, але і для турыстаў, людзей, што ўпершыню наведваюць наш раён.
Вось, напрыклад, Свята-Сергіеўскі храм, які быў пабудаваны аж у 1878 годзе, уяўляе сабой каштоўны помнік архітэктуры. На долю храма выпала багата выпрабаванняў, і той факт, што сёння людзям ёсць куды прыйсці на спатканне з Богам, сімвалічны.
Рэлігійным турызмам даўно займаецца касцёл. Тут адпачываюць і дзеці, і дарослыя. Часам людзі, што проста праязджаюць па бойкай трасе, заўважыўшы з дарогі велічны будынак, просяць настаяцеля прыхода айца Анджэя пусціць іх у храм.
Пры касцёле ўжо не першы год арганізуюцца летнікі для дзяцей. Адпачываюць тут як мясцовыя дзеткі – сёлета, да прыкладу, будзе арганізавана тры змены на 25-30 чалавек у кожнай – так і дзеці з Наваполацка, Глыбокага, Віцебска, Санкт-Пецярбурга і іншых мясцовасцяў. Прыязджаюць і дарослыя арганізаваныя групы. У касцёле абсталяваны камфартабельныя пакоі з усімі зручнасцямі на 53 месцы (на здымку ўнізе).

Дачнае пытанне
Вельмі любяць дачнікі Светласельскі сельсавет, 436 дач – лічба гаворыць сама за сябе. У асаблівай пашане азёрныя мясціны. Купіць сёння домік непадалёк ад возера вельмі няпроста і нятанна. Як нам паведалі жыхары Башнёў і Лескавіч, сярэдні кошт такіх домікаў складае 4-6 тыс. долараў, але прадаюць іх рэдка.
Іна Каралёва з мужам Аляксандрам Градоўкіным пяты сезон пражываюць у якасці дачнікаў, вельмі радуюцца, што пашчасціла купіць добры домік у Лескавічах непадалёк ад возера. Іна любіць хадзіць на возера з ранку, калі няма людской сумяціцы, калі вада задумліва-празрыстая. А з вокнаў дачнага дома адкрываецца цудоўны від на царкву Сергія Раданежскага. У спадчыну ад папярэдніх гаспадароў ім дастаўся вялікі яблыневы сад, які яны дапоўнілі кустамі парэчак і вішнёвымі дрэўцамі. Кожную вольную хвіліну Іна і Аляксандр на дачы, зараз вось узяліся за будаўніцтва лазні, якая ж беларуская дача без яе. Часта яны едуць з Шуміліна на машыне, іншым разам Іна едзе на веласіпедзе. “Вы не ўяўляеце, якое гэта шчасце – дача! – захоплена кажа Іна – нават калі адолее стомленасць, стрэс на рабоце, прыедзеш сюды, паглядзіш на кветкі, на лескавіцкія сосны – і ўсё, няма стомы, і жыццё іграе светлымі фарбамі. Я і на курорты цяпер не хачу, мне на маёй дачы рай”.

Адпачнём!
Ну, дзе, скажыце, адпачываць, як не на Лескавіцкім возеры? Летам сюды едуць на машынах, веласіпедах, ідуць пешшу аматары вады і сонца, і бывае, што на пляжы літаральна яблыку недзе ўпасці. Работнікі Шумілінскага лясніцтва ўжо добраўпарадкавалі гэта месца адпачынку пасля зімы. Як расказаў галоўны ляснічы Андрэй Калдуноў, была выкашана тэрыторыя, пафарбаваныя і адрамантаваныя канструкцыі, у тым ліку валейбольная пляцоўка і інфармацыйны аншлаг. Зараз бераг чысты і вабны, але, на жаль, такую сітуацыю хутка “выправяць” самі людзі, калі адкрыецца сезон масавага адпачынку: ні леснікі, ні гімназісты, якія выступаюць поплеч у барацьбе за чысты бераг, ніколі не справяцца. А вось калі кожны з нас данясе да сметніка пластыкавую бутэльку ці пакет з-пад чыпсаў, то шанцы ёсць.

І яшчэ
Працуючы ў Светласельскім сельсавеце, мы асабліва востра адчулі, што гэта надзвычай перспектыўны рэгіён для развіцця прыватнай ініцыятывы (прыдарожны сэрвіс, аграэкатурызм, сельская гаспадарка). Відавочна і тое, што не ўсе магчымасці, такія як зайздроснае геаграфічнае становішча, багатая гістарычная спадчына, непаўторная прырода, добрая інфраструктура, на поўную моц выкарыстоўваюцца. Вядома, тут хочацца адпачываць, атрымліваць асалоду ад узаемін з прыродай, і калі б нехта падлічыў, колькі чалавек “пераварочваецца” за лета хаця б на Лескавіцкім возеры, то лічба атрымалася б уражваючай.
Дзякуй усім тым, хто дапамог нам напісаць партрэт Светласельскага сельсавета. Мы, журналісты, атрымалі непадробнае задавальненне. Шкада толькі, што пра ўсё на дзвюх газетных палосах не раскажаш.

Матэрыялы падрыхтавалі Аліна ПЯТРОВА і Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №41 ад 30.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *