На «прямой линии» руководителей Витебской области и Шумилинского района

Актуалии Президент

Каб  народ  цаніў  і  паважаў  уладу
“Прамыя лініі”, якія праводзяць кіраўнікі ўлады ўсіх узроўняў, сталі звычайнымі ў нашай краіне, яны дазваляюць наладзіць сапраўдную прамую сувязь насельніцтва з уладай. У выніку, людзі маюць магчымасць аператыўна вырашаць свае набалелыя пытанні, а ўлада атрымлівае інфармацыю пра праблемы, якія хвалююць насельніцтва таго ці іншага рэгіёна, населенага пункта.
У суботу на Віцебшчыне “прамую лінію” праводзіў старшыня аблвыканкама М. М. Шарснёў, у Шуміліне званкі ад жыхароў раёна прымаў старшыня раённага выканаўчага камітэта  У. П. Куранны.
За тры гадзіны кіраўнік вобласці прыняў 25 тэлефанаванняў з абласнога цэнтра 11 раёнаў вобласці і нават са сталіцы. Пытанні, з якімі звярталіся людзі, былі рознага характару: працоўныя адносіны і прыватызацыя жылля, выплата дзіцячых дапамог, рамонт дарог і работа гандлёвых кропак.
Падводзячы вынікі “прамой лініі”, М. М. Шарснёў адзначыў, што  большасць званкоў – недапрацоўка мясцовай улады і канкрэтных спецыялістаў, якія працавалі з людзьмі. Тэлефанаванні ад людзей часам паказваюць некампетэнтнасць асобных спецыялістаў, у тым ліку і ў структурах улады. Калі прынята рашэнне і яно абгрунтаванае, адпавядае ўсім патрабаванням закона, то чалавек павінен разумець, што гэтае рашэнне, станоўчае яно ці адмоўнае, адзіна магчымае і іншага не будзе. Чалавек павінен прыняць пазіцыю ўлады. “Трэба кожнаму на сваім месцы выконваць сваю функцыю, тады народ будзе цаніць і паважаць уладу”, – заўважыў М. М. Шарснёў.
Да кіраўніка нашага раёна патэлефанавалі чатыры чалавекі. Жыхарка вёскі Мазурына прасіла выдзеліць матэрыяльную дапамогу на рамонт печкі.  Старшыня райвыканкама У. П. Куранны накіраваў Лаўжанскаму сельвыканкаму і сацыяльнай службе даручэнне разабрацца з выездам на месца і пры наяўнасці падстаў дапамагчы заяўніцы.
Адзін з жыхароў Шуміліна ўзняў старое пытанне пра аўтобусны прыпынак на перакрыжаванні вуліц Суворава і Сіпко. Пытанне, як кажуць, “з барадой”, вывучалася не аднойчы: на жаль, дарожныя ўмовы не дазваляюць зрабіць прыпынак ва ўказаным месцы. Тым не менш, У. П. Куранны даручыў адпаведным службам яшчэ раз вывучыць сітуацыю на магчымасць уладкавання аўтобуснага прыпынку ля рынка і, нарэшце, паставіць кропку ў гэтым пытанні.
Вясковец з Дабеі паскардзіўся, што цячэ дах у адміністрацыйным будынку ААТ “Прыазёрны мір”. Пытанне адрасавана кіраўнікам адпаведных службаў для вывучэння і прыняцця рашэння.
А вось званок з Обалі быў вельмі прыемны: ад імя жыхароў аднаго са шматпавярховых дамоў прасілі выказаць падзяку начальніку падраздзялення “Обальскае” УП ЖКГ Анатолю Віктаравічу Зянькову і ўсім работнікам падраздзялення за работу па добраўпарадкаванні і аператыўнае рашэнне пытанняў, якія ставяць жыхары пасёлка. Дарэчы, за сваю работу А. В. Зянькоў сёлета быў узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама. Уладзімір Пятровіч даручыў рэдакцыі надрукаваць падзяку ад жыхароў Обалі ў раённай газеце, што мы і робім з вялікім задавальненнем.
Напрыканцы адна заўвага.  Падчас “прамых ліній” не пакідае ўражанне, што некаторыя асобы злоўжываюць сваім правам патэлефанаваць да ўлады. Часам звяртаюцца па адным і тым жа пытанні па некалькі разоў, у інстанцыі рознага ўзроўню, хаця раней ўжо атрымалі вычарпальны адказ і зразумела ўжо нават  ім самім, што іншага рашэння не будзе.  Але тэлефануюць з патаемнай надзеяй: можа, больш высокі кіраўнік загадае і іхняе пытанне вырашыцца насуперак закону, насуперак усялякай логіцы. Часам з-за актыўнай дзейнасці такіх “штатных” скаржнікаў не могуць дазваніцца людзі, якім дапамога патрэбна на самой справе.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *