Александр Дубко родился на шумилинской земле – к 80-летию Героя Беларуси

Актуалии Новости

Наш зямляк – Герой Беларусі Аляксандр Дубко

Герой Беларусі (пасмяротна), Герой Сацыялістычнай Працы, гаспадарнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, былы кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама і наш зямляк Аляксандр Іосіфавіч Дубко  – равеснік Віцебскай вобласці.
Аляксандр Дубко нарадзіўся  14 студзеня 1938 года ў невялічкай вёсцы Ілава Мікалаеўскага сельсавета. Закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. З 1960 г. працаваў аграномам-насенняводам, кіраўніком аддзялення, дырэктарам вучэбнай гаспадаркі “Станіславова” Гродзенскага СХІ. У 1966-1970 гг. –  начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Бераставіцкага райвыканкама, у 1970-1972 гг. – дырэктар трэста малочна-гароднінных саўгасаў Гродзенскай вобласці. У 1972 абраны старшынёй калгаса “Прагрэс” Гродзенскага раёна, якім нязменна кіраваў да 1994 года.  Увядзенне гаспадарчага разліку і механізацыі працы паляводаў, выкарыстанне навуковых падыходаў і ўласная перапрацоўка прадукцыі – усё гэта дазволіла дабіцца высокага ўраджаю зерневых, бульбы, буракоў, высокіх надояў і прываг, добрых фінансавых вынікаў. Гаспадарка з’яўлялася адной з лепшых у Беларусі. У 1990 годзе А. І. Дубко абраны старшынёй Саюза аграрыяў Беларусі.
Са снежня 1994 і да 2001 года А. І. Дубко працаваў старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Як выдатны гаспадарнік і кіраўнік, быў узнагароджаны ордэнам Айчыны трэцяй ступені, двума ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны”.
* * *
Сёння на Мікалаеўшчыне памятаюць свайго знакамітага земляка. Ім ганарацца – інтэлігентам, дыпламатам, добрым кіраўніком, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета СССР. Сталыя людзі ўспамінаюць, калі ў 1994 годзе Аляксандр Іосіфавіч балаціраваўся на пасаду Прэзідэнта Беларусі, яго ініцыятыўная група прыдумала слоган: “Галасуйце за Дубко – будзе хлеб і малако!”
Старэйшыя жыхары Ілава, Макракоў і блізляжачых вёсак згадваюць Аляксандра Дубко як чалавека шчырага, справядлівага, добрага, клапатлівага. Кажуць, ён быў вясёлы і ўсмешлівы, умеў разгаварыць нават самых замкнутых у сябе людзей. А яшчэ ніколі доўга не трымаў крыўды, не насіў каменя за пазухай. Заўсёды быў разважлівым і памяркоўным, любіў працаваць, а лепшай узнагародай для сябе і адначасова самым вялікім шчасцем лічыў сваю сям’ю. Пра яе нам расказалі стрыечныя сёстры Аляксандра Іосіфавіча, якія жывуць у Бубалях – Лёля Іосіфаўна Дубко і Галіна Пятроўна Шэдзько.
“У 30-ыя гады сям’я Дубко жыла ў вёсцы Ілава, – расказалі жанчыны. – У 1938 годзе, калі нарадзіўся Аляксандр, у хату прыйшла не толькі радасць, але і бяда – рэпрэсіравалі гаспадара сям’і. Аляксандр ніколі і не бачыў свайго бацьку. Маці Аляксандра, ціхая і добрая жанчына, выйшла замуж у Макракі за мужа сваёй памерлай сястры. Адважылася выхоўваць чацвярых сваіх пляменнікаў. Аляксандр закончыў у Ілаве пачатковую школу, а потым пайшоў вучыцца ў Кардонскую. Будучы студэнтам, часта прыязджаў да маці, дапамагаў па гаспадарцы. Добрым сынам быў, клапатлівым. Яго як будучага агранома цікавіла, на якой глебе лепш урадзіла бульба. Раіў, як і чым лепш падкарміць кармавыя буракі. Стараўся рабіць усё па навуцы, але ж прыслухоўваўся і да думкі вопытных старажылаў”.
Так сталася ў жыцці, што Аляксандр Дубко выбраў сабе ў жонкі цёзку сваёй маці з рэдкім імем Эма. Такое супадзенне лічылася шчаслівым. Напэўна, так яно і было, бо сваякі Аляксандра Іосіфавіча расказалі, што ён вельмі ганарыўся сваёй сям’ёй – жонкай і двума сынамі. Дадалося гонару і ад таго, што абодва сыны – Аляксандр і Уладзімір – прадоўжылі бацькоўскую справу і вывучыліся на аграномаў. Адзін з сыноў некаторы час працаваў у “Прагрэсе”, і бацька не даваў яму ніякай палёгкі. Наадварот, патрабаваў больш, бо лічыў, што сын кіраўніка павінен ва ўсім быць прыкладам.
Вядома, сваякі А. І. Дубко не ведаюць падрабязнасцей пра работу Аляксандра Іосіфавіча ў калгасе “Прагрэс” на Гродзеншчыне, кіраўніком якога больш за дваццаць гадоў быў Аляксандр Іосіфавіч. Калі ён прыязджаў на Мікалаеўшчыну, то расказваў, што ягоная гаспадарка ўзяла пад сваё крыло некалькі адстаючых калгасаў, дзякуючы чаму павялічылася амаль у пяць разоў. Гаварыў пра паездкі ў ЗША, Францыю, Англію і іншыя краіны, дзе вучыўся, пераймаў перадавы вопыт. Потым збіраў сваіх спецыялістаў, разам абмяркоўвалі, якія замежныя навінкі можна ўкараніць у мясцовых умовах. За наватарствы  і поспехі ў сельскай гаспадарцы  ў 1982 годзе Аляксандр Іосіфавіч атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы і залаты медаль “Серп і Молат”. І ў той знамянальны дзень Аляксандр Іосіфавіч сказаў сваёй жонцы: “Тры прамяні маёй зоркі – твае”. Вось так высока ён цаніў жончыну  падтрымку і разуменне.
У лютым 2001 года Аляксандр Іосіфавіч Дубко заўчасна пайшоў з жыцця.  Помнік-бюст А. І. Дубко ўстаноўлены побач з будынкам праўлення “Прагрэса” ў Верцялішках.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №9 ад 30.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *