5 февраля – вечер встречи выпускников школ. Интервью по поводу

Общество

А вы сустракаецеся са сваімі  аднакласнікамі?

Обольская СШ

Галіна Канстанцінава, г. Вісагінас, Літва:
– На жаль, з 70-х гадоў, калі лёс закінуў спачатку ў Браслаў, потым у Літву, нікога са сваіх аднакласнікаў не бачыла, не ведаю пра іх лёс. А родная школа (заканчвала Мішневіцкую СШ) усё яшчэ прыходзіць у мае сны.
Марына Ганчарова, г. п. Шуміліна:
– Сустракаюся. Прычым, апроч выпадковых сустрэч мы збіраліся арганізавана праз 10 і 15 год пасля таго, як развіталіся са школай. А сёлета наш выпуск адзначае 20-годдзе заканчэння школы. Рыхтуемся, на сустрэчу абяцаюць прыйсці аднакласнікі з усёй паралелі, пойдзем на вечар у нашу СШ №1, потым у “Блюз”
Валянціна Мікалаева, г. п. Шуміліна:
– Школу ў горадзе Полацку закончыла больш трыццаці год таму, а здаецца, быццам учора. У памяці ўсе аднакласнікі, нават помню, хто з кім сядзеў за партай і з кім больш сябраваў.
А пасля заканчэння школы чамусьці ні разу з аднакласнікамі я не сустрэлася, усё прыдумвала сабе нейкія прычыны, каб не паехаць на вечар сустрэчы. Шкадую… Час прабег імгненна, сёння ў маёй школе ўжо не працуе ніхто з маіх былых настаўнікаў. Ну, калі маладой, прыгожай і энергічнай я так і не завітала на сустрэчу з аднакласнікамі, дык зараз ужо не паеду, лепш сустрэнуся з імі на сайце….
Іван Штуро, г. п. Шуміліна:
– З аднакласнікамі сустракаюся перыядычна. Пераважна па юбілейных датах. Бывае, што і летам бачымся. Наогул, наш выпуск (закончыў Параф’янаўскую школу Докшыцкага раёна) быў даволі вялікі. Уявіце сабе: тры класы па трыццаць чалавек. Лёс раскідаў усіх па ўсяму былому Савецкаму Саюзу. А сёлета, дарэчы, у нас юбілей – 35 год як закончылі школу. Можа, і паеду на сустрэчу.
Ірына Ласянкова, а.-г. Амбросавічы:
– З некаторымі аднакласнікамі сустракаюся пастаянна. А вось на вечарах сустрэч бываю вельмі рэдка, не выпадае. Была, напэўна, адзін раз, хаця і выпуск наш тады ў Навікоўскай СШ быў немалы.
Аляксандр Паўлючэнка, г. Віцебск:
– Наш клас быў не вельмі вялікі па гарадскіх мерках – 20 чалавек, ён быў з матэматычным ухілам, 5 дзяўчат, астатнія – хлопцы. З трыма аднакласнікамі я сябрую дагэтуль: разам вучыліся ва ўніверсітэце, побач жывём. Сёлета ў нас юбілейны год. Прыемна, што пра гэта памятае наша класная, яна ўжо на пенсіі, але патэлефанавала нам усім, прапанавала сустрэцца. Запомніліся мы ёй вельмі.
Сяргей Паўлаў, г. п. Шуміліна:
– Я вучыўся ва Узбекістане. З аднакласнікамі сустракаўся толькі на наступны год пасля заканчэння школы. Потым лёс раскідаў усіх, межы падзялілі. Цяпер нават праз “Аднакласнікаў” не ўдаецца знайсці нікога. Хаця было б цікава даведацца аб тым, як склаўся лёс кожнага.
Надрукавана ў №9 ад 4.02.2011 г.



1 комментарий по теме “5 февраля – вечер встречи выпускников школ. Интервью по поводу

  1. Всех выпускников СШ№1 с 45-летием окончания школы. Здоровья,всех благ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *