Праздник «Последнего звонка» в Шумилинском районе

Актуалии Образование

Пад пунсовым ветразем да сваёй мары
Свята “Апошняга званка”  прайшло ў мінулую суботу ва ўсіх установах адукацыі нашага раёна.

Гэтае свята радаснае для большасці вучняў і педагогаў ад прадчування канікул, крыху сумнае для выпускнікоў, якія нібы караблі ў моры разыходзяцца па сваіх шляхах. Якраз марскую тэму абралі для свайго свята ў Обальскай сярэдняй школе. Тут развітваліся з выпускнікамі пад пунсовымі ветразямі – сімвалам, які натхняе кожнага на пошукі і здзяйсненне сваёй мары. 19 вучняў заканчваюць базавую ступень навучання, а для 24 выпускнікоў адзінаццатага класа школьны званок прагучаў у апошні раз.
“Наша школа ганарыцца сваімі выхаванцамі, які вызначыліся поспехамі ў навучанні, спорце, творчай дзейнасці, – гаварыла дырэктар школы І. А. Чарнічэнка. – Нашы выпускнікі паказвалі добрыя веды падчас вучобы, упэўнена, што яны пацвердзяць іх на выпускных экзаменах, на тэсціраванні. Спадзяюся, што яны споўняць свае самыя запаветныя мары”.
Падводзячы вынікі школьнага конкурсу “Вучань года-2015”,  Іна Аляксандраўна ўручыла ганаровыя дыпломы і падарункі пераможцам конкурсу Еве Партной і Таццяне Васкоўскай.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова пажадала выпускнікам паспяховай здачы экзаменаў і паступлення, правільнага выбару прафесіі, а астатнім вучням – добра адпачыць у час канікул і набрацца новых сіл для вучобы.
Старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч адзначыў, што выпускнікі атрымалі ў школе веды, навыкі самастойнасці і цяпер іх чакаюць першыя крокі ў самастойнае жыццё. Працягваючы “марскую” тэматыку, Мікалай Аляксеевіч сказаў: “Вы пакідаеце карабель, на якім правялі столькі цудоўных гадоў. Але ён не апошні. Хутка ў вас будуць новыя караблі, у кожнага свой, будуць новыя сябры, паплечнікі, з якім вы будзеце крочыць па жыцці. На гэтым шляху не забывайце пра сваю маленькую радзіму, якая заўжды чакае вас, заўжды вам рада. Не падвядзіце яе!”
У адрас выпускнікоў, якія былі галоўнымі героямі свята, гучала шмат цёплых слоў ад класнага кіраўніка Нячай Л. У., бацькоў, першакласнікаў.
І вось ён звініць – апошні школьны званок… Пад гукі вальса выпускнікі ўрачыста пакідаюць школьны двор. Напэўна, у іх яшчэ няма адчування таго, што пройдзе тыдзень-другі – і ты больш ніколі не прыйдзеш у школу як вучань, толькі як госць, дарагі, жаданы, але госць.
Сёння ўжо здадзены першыя экзамены, праз які тыдзень атрымаюць вучні атэстаты, і іх будуць чакаць універсітэты і каледжы, акадэміі і ліцэі. Наперадзе ў іх  – цэлае жыццё.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №42 ад 02.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *