1 июня Шумилино подарило детям праздник

Общество

Рознакаляровы свет дзяцінства
Багата мерапрыемстваў, прысвечаных Дню абароны дзяцей, прайшло ў райцэнтры 1 чэрвеня.
Адкрылі святочную праграму малышы з шумілінскіх дзіцячых садкоў №1, 3 і 4 і Светласельскага дзіцячага садка, якія ўдзельнічалі ў спартландыі, арганізаванай райкамам ГА БРСМ і ФСК “Здароўе”. Цудоўны настрой і ўсмешкі сталі галоўнымі на гэтым спаборніцтве. Малыя скакалі, бегалі з абручом, у калошах, насілі ваду, збіралі бульбу. Лёгкія забаўляльныя этапы спартландыі прыйшліся дзеткам даспадобы. Па выніках спартландыі перамаглі “Непаседы” з д/с №3.
Для вучняў школ ладзіліся міні-турніры па валейболе і спартландыя. Юныя спартсмены паказалі, чаму яны за год навучыліся ў ДзЮСШ. А валейбольны турнір стаў своеасаблівым фіналам доўгага валейбольнага сезона, у якім былі як выйгрышы, так і пройгрышы. Так што перамога ў Дзень абароны дзяцей для іх была зусім не прынцыповай.
Пад вечар мерапрыемствы перанесліся на канцэртную пляцоўку ў парку. Атракцыёны, продаж цацак, марожанага, салодкай ваты і кандытарскіх вырабаў, безумоўна, сталі добрым дадаткам да праграмы свята.
Шмат дзяцей  удзельнічала ў конкурсе малюнкаў на асфальце. У адно імгненне асфальт пераўтварыўся ў вялізную карціну дзіцячага свету з сонцам, пляжамі, героямі мультфільмаў.
А далей – канцэрт “Детство, детство, ты куда спешишь”. Гледачам прапанавалі каля трыццаці канцэртных нумароў, у якіх дзеці спявалі, танцавалі, паказвалі спартыўныя ўменні. Зразумела, што багата апладысментаў збіралі юныя артысты, бо са сцэны пастаянна “лілася” дзіцячая шчырасць і непасрэднасць.
У Дзень абароны дзяцей адкрылася і летняя танцавальная пляцоўка, на якой прайшла танцавальна-гульнявая забаўляльная праграма “Нет улыбок в мире краше”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №43 ад 05.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *