Гарантия поступления плюс доплата к стипендии. Заманчиво?

Актуалии Молодёжь Образование

Мэтавы  дагавор гарантуе паступленне
Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама прапаноўвае выпускнікам школ заключыць мэтавыя дагаворы для паступлення ва ўстановы адукацыі аграпрамысловага комплексу.
Пра перавагі заключэння такіх дагавораў гутарым з галоўным спецыялістам райсельгасхарчу А. А. Шавяка. “З некаторымі выпускнікамі мы ўжо заключылі мэтавыя дагаворы, – кажа Алеся Аляксандраўна. – Большасці падлеткаў вельмі спадабалася, што яны, будучы студэнтамі, будуць атрымліваць даплату да стыпендыі ад 2 да 5 базавых велічынь. У каго ёсць мэтавыя дагаворы, таму ў абавязковым парадку выдзеляць інтэрнат. А самае галоўнае, абітурыенты з мэтавымі дагаворамі не ўдзельнічаюць у агульным конкурсе, яны адразу залічваюцца на бюджэтныя месцы. Прычым, у гэтым годзе ўпершыню ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны зменшаны мінімальны прахадны бал па ўсіх прадметах цэнтралізаванага тэсціравання. Дастаткова набраць 5 балаў па кожным прадмеце, маючы на руках мэтавы дагавор – і ты паступіў”.
У якія навучальныя ўстановы  можна паступіць, заключыўшы мэтавы дагавор? Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія прапануе  спецыяльнасці:  агранамія, заатэхнія, тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах АПК. У Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны  можна вывучыцца на ветурача і заатэхніка. У Беларускі аграрны  тэхнічны ўніверсітэт можна паступіць на спецыяльнасці: тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, энергетычная вытворчасць.
Па мэтаваму дагавору можна вучыцца ў Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы, аграрным каледжы Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны ў Лужасне, Смальянскім аграрным каледжы, Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы. У названыя навучальныя ўстановы залічваюць без уступных экзаменаў і без сертыфікатаў ЦТ, толькі па конкурсе дакумента аб адукацыі. Тым, у каго атэстат слабаваты, спецыялісты райсельгасхарчу раяць заключаць мэтавы дагавор: такія абітурыенты будуць залічаны на бюджэтную вучобу па-за конкурсам.
“Мы заключаем мэтавыя дагаворы і з абітурыентамі, якія паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы пасля каледжаў, – расказала Алеся Аляксандраўна. – Для заключэння дагавору трэба прыйсці ва ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама (кабінет 311) да падачы дакументаў у навучальную ўстанову. Час яшчэ ёсць для будучых студэнтаў ВНУ –  да 15 ліпеня, для навучэнцаў каледжаў – да 31 ліпеня. Пры сябе мець копію пашпарта або пасведчання аб нараджэнні, дакумент аб адукацыі і заяву. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 4-18-51”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *