Продавцы из магазина агрогородка Никитиха рады каждому покупателю

Общество

У магазін прыемна зайсці
Жыхары з а.-г. Мікіціха прасілі напісаць у раённай газеце пра мясцовых прадаўцоў, якія  працуюць у магазіне райспажыўтаварыства з гэтага года – Святлану Жыжову, Таццяну Жыгунову, Кацярыну Курносаву (на здымку) і Валянціну Грышанаву, у якой у дзень нашага прыезду быў выхадны.
“Так, гэтых дзяўчат трэба падтрымаць добрым словам, – кажа старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко. – Прызнацца, раней магазін райспажыўтаварыства людзі абыходзілі бокам і накіроўваліся да прыватнікаў – там выбар заўсёды больш разнастайны. Ды і заезджыя прадаўцы не былі зацікаўлены ў добрым тавараабароце. А зараз нашы мясцовыя дзяўчаты навялі парадак. У магазін прыемна зайсці: ад тавараў ажно вочы разбягаюцца. І прадукты ўсе свежыя.  Ад вяскоўцаў неаднаразова чула падзякі ў адрас ветлівых прадаўцоў”.
“Так, прадаўцы нашага магазіна дабрадушныя і прыстойныя, чэсныя і ўважлівыя, – кажа жыхарка а.-г. Мікіціха Н. В.  Сокава. –  З задавальненнем хаджу за пакупкамі ў магазін райспажыўтаварыства”.
Пасля гутаркі з вяскоўцамі мы завіталі ў мясцовы магазін. Сапраўды, прадуктаў тут было на любы густ. “Заказваем іх рэгулярна, ужо вывучылі попыт сваіх землякоў”, – кажа загадчыца магазіна Таццяна Жыгунова. Яна разам са Святланай Жыжовай раней працавала ў магазіне ў Пабедзе. Але ж  работа на месцы, у мястэчку, дзе жывеш – гэта намнога зручней. З гэтым згодна і Кацярына Курносава.  Па адукацыі эканаміст, яна кажа, што справіцца  з абавязкамі прадаўца ёй няцяжка.
“Працуем дзеля сваіх землякоў, – кажуць мікіціхінскія прадаўцы. – Мы рады кожнаму пакупніку.  Стараемся, каб магазін райспажыўтаварыства быў лепшым за нашых канкурэнтаў”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *