Собрался в отпуск? А паспорт то недействителен

Общество

Не забудзь пра пашпарт!
Прыйшло лета, якое найперш выклікае асацыяцыі, звязаныя з доўгачаканым адпачынкам. Часта – з выездам на замежны курорт. Але за прыемнымі клопатамі многія забываюць пра такую важную рэч як пашпарт. У апошні момант высвятляецца, што пашпарт – несапраўдны і нікуды далей суседняй вёскі па ім выехаць нельга. Мы звярнуліся ў групу па грамадзянству і міграцыі РАУС за кампетэнтнай кансультацыяй. Яе дае галоўны спецыяліст Алена ПРАКОФ’ЕВА:
– Сапраўды, летам колькасць грамадзян, якія жадаюць абмяняць свой пашпарт, значна ўзрастае. І пачынаць гэту працэдуру самы час. Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з’яўляецца дакументам, які сведчыць асобу грамадзяніна на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, які пацвярджае грамадзянства і права яго ўладальніка на выезд і ўезд у краіну.
Пашпарт абавязаны мець кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, якому споўнілася 14 год. Аднак для перасячэння Дзяржаўнай мяжы Беларусі пашпарт неабходны незалежна ад узросту. Трэба памятаць пра тое, што калі непаўналетні едзе за мяжу з адным з законных прадстаўнікоў, то згода другога не патрэбна. Калі ж ён едзе без суправаджэння законных прадстаўнікоў, то яму ці суправаджаючай асобе неабходна мець пры сабе згоду абодвух бацькоў. Згода павінна быць заверана натарыяльна ці ў падраздзяленні па грамадзянству і міграцыі. У выпадку, калі адзін з бацькоў не згодны з прадугледжаным парадкам выезду, ён мае права звярнуцца ў суд з заявай аб вызначэнні іншага парадку выезду.
Звяртаю ўвагу на тое, што пашпарты выдаюцца на 10 год. Але тыя, хто мае сапраўдныя пашпарты “старэй” за 10 год, могуць не турбавацца,  калі не збіраюцца атрымліваць шэнгенскую візу. Напрыклад, для паездкі ва Украіну, у Расію зараз няма неабходнасці мець пашпарт тэрмінам дзеяння 10 год. А вось тым, хто вырашыў аформіць шэнгенскую візу, неабходна памятаць: пашпарт павінен быць выдадзены не больш за 10 год назад, тэрмін яго дзеяння павінен перавышаць тэрмін візы мінімум на тры месяцы, а ў пашпарце павінна быць не менш за дзве чыстыя старонкі для віз.
Для атрымання (абмену) пашпарта грамадзяніну неабходна звярнуцца да асобы, якая ўпаўнаважана на вядзенне пашпартнай работы (разлікова-даведачныя цэнтры, таварыствы ўласнікаў і г. д.) і падаць неабходныя дакументы. Афармляць пашпарт будуць не больш за месяц, дзяржпошліна – 0,5 базавай велічыні.
Грамадзянам, якія па нейкіх прычынах не абмянялі свой пашпарт, неабходна памятаць, што ў адпаведнасці з заканадаўствам за пражыванне без дакументаў, якія сведчаць асобу, ці па несапраўдных дакументах, яны могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе папярэджання ці штрафу да 4 БВ.
Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *