Районная кооперация: картофеля запасли, а вот с зерном бывают перебои

Общество Экономика

Бульбы ўволю, а з зернем перабоі
Кожны год у сезон нарыхтовак райспажыўтаварыства закупляе ад вясковых гаспадароў раёна гародніну і садавіну. І калі два гады таму капусты ў раёне вырасцілі столькі, што прыходзілася шукаць рынкі збыту за межамі Шуміліншчыны, то летась усё наадварот. “Гэта на маёй памяці першы год, калі не закупілі ўдосталь капусты ў раёне, – гаворыць начальнік аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства Ю. А. Глаўдзель. – Куплялі капусту на Століншчыне. Усяго назапасілі 45 тон, зараз засталося каля 27 тон – гэтага хопіць да лета”. Праўда, качаны, што прадаюць у магазіне “Садавіна-гародніна”, дробныя, не таварныя.
Былі праблемы сёлета і з нарыхтоўкай бульбы, толькі трэцюю частку да патрэбных 120 тон закупілі ў раёне, астатняе прывезлі з Гродзеншчыны. Яблыкі закуплялі ў Мінскай вобласці. Дарэчы, гародніну і садавіну ў магазінах райспажыўтаварыства пастаянна купляюць дзіцячыя садкі, СШ № 1, “Блюз”, “Фартуна”, сталовая “Дабееўскі мох”.
Работнікі райспажыўтаварыства не скідваюць з рахункаў і недахопы ў рабоце: магчыма, дзесьці недапрацавалі. Таму ўжо зараз пачалі заключаць дагаворы з фермерамі на здачу гародніны і садавіны, робяць і падворны абход вяскоўцаў. Вядома, рабіць нарыхтоўкі ў сваім раёне больш выгадна. Дарэчы, пастаянна добра супрацоўнічаюць з райспажыўтаварыствам фермеры Ляснічы з Шуміліна і Прыгун з Мішкавіч, а таксама Навікоўская школа, дзе кожны год вырошчваюць капусту, СШ № 2 (сёлета здалі каля ста кілаграмаў цыбулі). Сярод нарыхтоўчых ларкоў найбольш актыўныя ў Шуміліне і Обалі, а таксама вясковыя магазіны ў Казьянах, Язвіне, Мішневічах, Сіроціне, Светласельскім. Навікоўскі магазін летась многа закупіў фасолі і часнаку. Усе магазіны вельмі актыўна прымалі яблыкі-апады. Па заяўках машына райспажыўтаварыства нават выязджала ў аддаленыя вёскі. Усяго здалі на “Вежу” і кансервавыя заводы вобласці 1400 тон – занялі першае месца ў вобласці.
Сёння ў магазіне “Садавіна-гародніна” можна купіць капусту, буракі, моркву, цыбулю. Але не ўся гародніна добра захоўваецца. Ды і сховішчы (а іх усяго два) даўно просяць рамонту. Нядаўна купілі два новыя псіхометры для кантролю за тэмпературай і вільготнасцю паветра. Усталявалі больш зручныя стэлажы для бульбы. Але просіцца больш сучасная сістэма вентыляцыі. А пакуль гэтага няма, райспажыўтаварыства заключыла дагавор з фермерскай гаспадаркай “Вармас” з Віцебскага раёна: у іх сховішчы захоўвае моркву, цыбулю і частку бульбы.
Дарэчы, райспажыўтаварыства выязджае два разы ў месяц у Віцебск на кірмашы выхаднога дня: вельмі добра разыходзіцца морква, а кіслай капусты прадаюць за дзень да ста кілаграмаў.
Як запэўніла таваразнаўца па гародніннай групе райспажыўтаварыства Т. Г. Шляхтава, зараз у магазінах раёна хапае гародніны. Зімою вяскоўцы рэдка калі звяртаюцца па здачы прадукцыі, вось нядаўна патэлефанавалі з Пабеды – жадаюць прадаць вялізны гарбуз. За ім спецыяльна адправяць машыну, будуць прадаваць гарбуз па кавалках у магазіне “Садавіна-гародніна”.
А вось з зернем у магазіне перабоі. Ураджай у гаспадарках раёна сёлета небагаты, таму ў райспажыўтаварыства з прыватных падворкаў з радасцю прымуць тон па дзесяць ячменю і пшаніцы.
Ёсць у райспажыўтаварыства і планы на будучае. Па словах Ю. А. Глаўдзеля, сёлета мяркуюць адчыніць у Сіроціне (у былым будынку сталоўкі) грыбаварню. На сезон з’явяцца і некалькі новых рабочых месцаў. Вараныя грыбы будуць здаваць на Шаркоўшчынскі кансервавы завод.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №10 ад 8.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *