Общественный правопорядок страдает от пьянства

Общество

Корань усіх правапарушэнняў
Пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку і наглядальнай камісіі адбыліся на мінулым тыдні пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А. М. ЗАЙЦАВА.
Адкрываючы пасяджэнне Анатоль Мікалаевіч адзначыў, што ў раёне склалася няпростая сітуацыя са злачыннасцю, што трэба прыкласці агульныя намаганні, каб яна не пагаршалася, асабліва, калі ў раён вернуцца асобы, вызваленыя па амністыі.
На пасяджэнне наглядальнай камісіі з’явіўся адзін малады чалавек, які днямі вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Ён зараз уладкоўваецца на працу. Адчувалася, што ў яго ёсць настрой на нармальнае жыццё.
Пра стан дарожнай бяспекі і транспартнай дысцыпліны савету грамадскага пункта паведаміла старшы інспектар ДАІ РАУС Н. У. Голуб. За 5 месяцаў на дарогах раёна затрыманы 35 вадзіцеляў у стане алкагольнага ап’янення (за адпаведны перыяд мінулага года – 34). За гэты ж перыяд за розныя парушэнні на вадзіцеляў і пешаходаў, службовых асоб накладзена штрафаў на суму 648 мільёнаў рублёў. Па рашэнні суда канфіскаваны два аўтамабілі, якімі кіравалі п’яныя вадзіцелі. Дарэчы, аўтамабілі належалі не самім парушальнікам, а іхнім знаёмым і сваякам. Наталля Уладзіміраўна падрабязна расказала пра прафілактычную работу, якую праводзяць супрацоўнікі раённай ДАІ з рознымі катэгорыямі насельніцтва.
Пра работу па прафілактыцы п’янства і алкагалізму на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм паведаміла інспектар па кадрах прадпрыемства Г. Р. Карнякова. У меліяратараў склалася свая сістэма работы з парушальнікамі дысцыпліны і аматарамі алкаголю. У рабоце з імі задзейнічаны і адміністрацыя, і прафсаюзы, і грамадскія арганізацыі. А да злосных парушальнікаў прымяняюцца меры, якія прадугледжаны заканадаўствам.
На савет таксама былі запрошаны парушальнікі грамадскага парадку ў райцэнтры, якіх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Усе яны ступілі  на “крывую сцяжынку” правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення. Але і маладая 28-гадовая жанчына, і сівы 63-гадовы пенсіянер, і ўсе астатнія сцвярджалі, што яны не п’яніцы, што гэта выпадкова,  дапамога з боку грамадства ці лячэнне ад алкагольнай залежнасці ім непатрэбны. Хаця некаторыя трапляюць на савет па некалькі разоў за год і на іх ужо рыхтуюцца дакументы ў ЛПП.
Становіцца зразумела, што корань усіх правапарушэнняў крыецца ў п’янстве, у неадольнай цязе да спіртнога. І перамагчы гэтую бяду можна толькі ўсім грамадствам.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №48 ад 23. 06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *