Надежда Сергеевна Жижова дорогу в партизанский отряд нашла по ромашкам и колокольчикам

Актуалии

Рамонкі і званочкі выратавалі жыццё
Напісаць у раённую газету пра Надзею Сяргееўну Жыжову папрасілі нашы чытачы. Патлумачылі, што жанчына ў маладосці была ў партызанскім атрадзе, і ёй ёсць пра што расказаць.
Сапраўды, Надзея Сяргееўна аказалася даволі гаваркой жанчынай, якая ў свае 92 гады помніць да драбніц  ваенную маладосць. Калі пачалася вайна, Надзеі было 17 гадоў. “Мы тады жылі ў Бачэйкаве Бешанковіцкага раёна, – расказала жанчына. –  У нашым пасёлку стаялі немцы. Нас, мірных жыхароў, прымушалі працаваць. Аднойчы бургамістр (гэта было летам 1943 года) загадаў сабраць падлеткаў, каб узаралі агарод. Хлопцы запрэглі каня, але  працавалі без ахвоты і марудна. Бургамістру прыйшлося гэта не па нораву, і ён давай аратых біць плёткай па плячах. А  мой брат павярнуўся і прама ў твар: ”Яшчэ раз ударыш – і сам не ўстанеш!” Мы вельмі баяліся, што пасля такога адказу брата ўвогуле расстраляюць. Нам параілі адправіць яго ў партызанскі атрад. Дарога туды была яму вядома, а каб і мы ведалі, у які бок ён пайшоў, брат кідаў па дарозе палявыя кветкі”.
Надзея Сяргееўна тады яшчэ не ведала, што рамонкі і званочкі выратуюць жыццё і ёй самой, і яе родным. Справа ў тым, што вечарам  гэтага ж дня суседзі прынеслі трывожную вестку: “Ідуць вас арыштоўваць” . І Надзея разам з маці і малодшай сястрою кінуліся з дому наўцёкі. Беглі па дарозе з раскіданымі кветкамі, потым збочылі ў лес, дзе і знайшлі партызан.
“Вось так мы апынуліся ў другой Ушацкай брыгадзе імя Панамарэнкі, якая дзейнічала на тэрыторыі Ушацкага, Бешанковіцкага і Лепельскага раёнаў, – кажа Н. С. Жыжова. – Камандзірам нашай брыгады быў Уткін. Партызаны рабілі дыверсіі на шасейных дарогах, узрывалі чыгунку, грамілі варожыя гарнізоны. Дзяўчатам давяралі не менш важную работу: мы капалі траншэі і зямлянкі, мылі бялізну, гатавалі абеды. Калі спачатку ў нашым атрадзе былі такія-сякія запасы ежы, то праз некаторы час яны закончыліся. Бралі льняное семя, таўклі яго і смажылі. А потым туды мачалі печаную бульбу і елі. Сапраўдным шчасцем было, калі знаходзілі кусцік заячай капусты. З’ядалі, бывала, да лісціка”.
Партызанская брыгада ўдзельнічала ў баях і ўтрымлівала абарону ля вёсак Гара, Кублічы, Вялікаўцы, што на Ушаччыне, расказала Надзея Сяргееўна. А ў чэрвені 1944 года брыгада далучылася да Чырвонай Арміі. Вядома, жанчын і дзяцей на фронт не ўзялі. Так Надзея зноў аказалася ў Бачэйкаве. Пэўны час працавала тэлефаністкай.
Маючы за плячыма курсы выхавальніцы дзіцячага сада, Надзея хацела працаваць па спецыяльнасці. Паколькі ў Бачэйкаве не было свабодных месцаў, дзяўчыне прапанавалі Шуміліна. І яна згадзілася. Як ў 1946 годзе прыехала ў Шуміліна, так і жыве тут цяпер.
“Можа, і не ўсе ведаюць, што раней дзіцячы сад быў у Баёўцы, і туды вадзілі дзяцей з усяго Брыкету, – згадвае Надзея Сяргееўна. – У пасляваенныя гады групы ў дзіцячым садку былі вялікія. Мне, напрыклад, даверылі ажно 45 дзяцей – ад двухгадовых да васьмігадовых. Каб справіцца з імі, не згубіць іх на прагулках, я за кожным малым замацавала старэйшага. Страшна зараз успомніць, якая вакол была нястача і бедната: нават ложкаў не было, у садку дзеці спалі прама на падлозе. Помню, як мы, выхавальнікі, радаваліся разам з дзецьмі, калі на Брыкеце пачалі будаваць новы дзіцячы садок. Там працаваць было намнога лепш і ўтульней”.  Затым Надзея Сяргееўна некалькі гадоў адпрацавала кантралёрам ў Доме культуры.
Разам з мужам Паўлам Фёдаравічам (ён працаваў у пажарнай часці) Н. С. Жыжова выхавала чацвярых дзяцей. Праўда, мужа даўно няма ў жывых. Зараз Надзея Сяргееўна жыве адна, яе даглядае ўнучка Іна. А ўвогуле ў Н. С. Жыжовай  дзесяць унукаў і столькі ж праўнукаў, ёсць і  тры прапраўнукі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №48 ад 23. 06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *