Самый молодой шумилинский почтальон

Молодёжь

“Людзям трэба ўсміхацца”
Сярод шумілінскіх паштальёнаў Святлана Лапатнёва самая маладая. Але ў свае 24 гады яна паспела стаць вопытным работнікам, атрымала ўжо многа падзяк ад падпісчыкаў, адзначае начальнік участка паштовай сувязі А. А. Новікава.
Святлана Лапатнёва зычлівая, акуратная, адказная. Гэтыя рысы характару вельмі дапамагаюць у рабоце. На ўчастку маладой паштальёнкі выпісваюць 950 розных перыядычных выданняў, прычым 396 з іх – гэта раённая газета. Акрамя газет, паштальёнка разносіць і пенсіі, прапаноўвае жыхарам райцэнтра купіць крупы, алей, макарону, тушонку, аплаціць камунальныя паслугі.
Вуліц многа, каб  абысці свой участак,  паштальёну патрэбны цэлы дзень. “У летні перыяд вельмі дапамагае веласіпед, на ім значна хутчэй, – кажа Святлана. – Нават магу сабе дазволіць пагаварыць са сваімі падпісчыкамі. Прапаноўваю ім новы від паслуг: заказ па інтэрнэту розных тавараў беларускай вытворчасці. Афармляю спецыяльны бланк, а праз некаторы час чалавек атрымлівае заказаны посуд ці адзенне”.
Святлана Лапатнёва заўсёды ветлівая і ўсмешлівая. Прызналася, што гэта бонусы для яе кліентаў.  “Трэба людзям усміхацца, тады яны хутчэй ідуць на кантакт, – упэўнена Святлана.  – Заўсёды стараюся патлумачыць землякам, што можна пачытаць у той ці іншай газеце або часопісе. Гэта заахвочвае і становіцца своеасаблівым стымулам для падпісчыкаў”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №49 ад 26.06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *