День работы с населением прошёл в Сиротинском сельсовете

Актуалии Власть Общество

Былі заўвагі, былі і падзякі
Схема правядзення Дня работы з насельніцтвам на 2011 год засталася той жа. Адкрылі год вёскі Сіроцінскага сельсавета. Іх параўнальна няшмат — усяго 13, аднак без праблем не абышлося. Перш за ўсё аб тых заўвагах, якія насілі тыповы характар. Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая прымала ўдзел у сустрэчах і вяла выніковае пасяджэнне выязных груп райвыканкама, зрабіла акцэнт на інфармацыйна-даведачным аспекце ў рабоце з вяскоўцамі.
Павінна абнаўляцца інфармацыя для старэйшын вёсак (у прыватнасці, у вёсках Чысці і Дворышча яна была досыць устарэлай), старэйшынам трэба давесці прэйскуранты па ўсіх відах паслуг, якія аказваюцца ў раёне. Расцэнкі тычацца і сферы ЖКГ, і бытавых паслуг, і, прымаючы да ўвагі блізкую ўжо вясну, па апрацоўцы агародаў. Землеўпарадкавальнай службе райвыканкама праз газету вельмі важна азнаёміць людзей з парадкам знішчэння хмызняку і драбналесся ў межах населенага пункта, па лініі УП ЖКГ трэба расказаць аб тым, хто закліканы займацца рамонтам дахаў у хлявах, што пры шматкватэрных дамах, а лясгасу і райпаліўзбыту  неабходна данесці  цэны на дровы і схемы дастаўкі іх спажыўцам.
Цяпер аб прыватным, аб дэталях. У вёсцы Зямцы праблема нумар адзін — якасць пітной вады. Здавалася б, водаправодная сетка новая, а пытанне не знімаецца. Аказваецца, уся прычына ў воданапорнай вежы. Яе трэба чысціць як след, паспрабаваць, магчыма, і з брандспойта змыць буры налёт, бо вада сапраўды ржавая. Па тых жа Зямцах не знятая і сёння праблема пад’язной дарогі на ферму. А вось у вёсцы Мосарава не закончылі “аперацыю” па спілоўванні старых дрэў. У той жа час перадалі падзяку вадзіцелю аўталаўкі жыхары вёсак Зямцы і Тропіна: і тавары патрэбныя завозіць, і абслугоўванне на вышыні. Удзячныя словы ў адрас “аўталаўшчыкаў” выказалі вяскоўцы з Новазаронава, праўда, у вёску Сянькова ўсё ж аўтакрама ў апошні час не заязджала. Аказалася, іх пастаянны вадзіцель выйшаў у водпуск і прыстойнай замены яму не знайшлося. Праблема, якую, спадзяёмся, не паставіць у тупік кіраўніцтва райспажыўтаварыства.
Чакалася, што снежная зіма прынясе ў вёскі свае сюрпрызы-нягоды. Аднак чаканні, дзякуй богу, спраўдзіліся. Да вёсак Мазурына, Сянькова дарогі расчышчаны ад снегу, у апошняй вёсцы нават расказалі, што пры-язджалі да некага госці і былі прыемна здзіўлены. А вось у вёсцы Грабніца “завісла” метраў 150 завулка, дзе бульдозер не праехаў. Праўда, да гэтага дарога расчышчалася ад снегу як след.
У астатнім гучалі пытанні наконт і нарыхтоўкі дроў, і праваднога радыё, якое “маўчыць” (тут начальнік РВЭС Ю. Р. Маскалькоў прапанаваў альтэрнатыву — двухканальныя прыёмнікі). Праўда, былі і не зусім звычайныя праблемы: па арганізацыі ацяплення аднаго з магазінаў у Слабадзе і па навядзенні парадку ў Слабадскім сельскім клубе, куды падчас правядзення нядаўняга вечара сустрэчы з выпускнікамі ніяк не даклікаліся ўчастковага інспектара.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №11 ад 11.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *