Шумилинская купальская ночь

Общество

Купала ўсіх пакупала!
Гэтым купальскім вечарам шумілінцам было даволі цяжка прымірыць свае пачуцці. З аднаго боку, такі доўгачаканы дождж, які настойліва менавіта ў гэты самы час абяцаў прагноз надвор’я, не мог не радаваць стомленых засухай агароднікаў, ды і не толькі іх. А з другога, не было ўпэўненасці ў тым, што стыхія дазволіць як след адзначыць важнае свята народнага календара – Купалле. Мы ж і жаданні прыпасаем менавіта для гэтай ночы, і на рамантычныя спатканні спадзяемся. Ну, і наогул, няправільна гэта – сядзець дома ў купальскую ноч.
Да 20.00 на возеры ўжо ва ўсю ішоў гандаль, працавалі дзіцячыя атракцыёны, купальшчыкі апрабоўвалі новы гарадскі пляж. Тэатралізаванае прадстаўленне “Як на Івана, на Купалу…” нашы артысты пачалі купальскімі песнямі.

На беразе Шумілінскага возера станавілася ўсё больш шматлюдна. Многія ладзілі фотасесіі ў вырабленых домам рамёстваў прыгожых купальскіх вяночках, ласаваліся шашлыком, вялі прыемныя гутаркі са знаёмымі. Першыя кроплі дажджу мала каго напужалі. Але зусім хутка стыхія дала зразумець, што лагоднай яна быць не мае намеру – падуў моцны вецер з пераканаўчым дажджом, які за колькі хвілін літаральна “змыў” народ з берага. Людзі беглі дадому наскрозь мокрымі, але шчаслівымі. Ну, і ладна, што свята крыху “падмокла”, але ж было. Затое зямля нарэшце ўздыхне, адродзяцца да жыцця засохлыя травы і кветкі, зайграе свежасцю лістота. Нам так быў патрэбны дождж, можа, гэта і ёсць самы галоўны падарунак нам на Купалле ад прыроды.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 53 ад 10.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *