15 февраля в Шумилино прошли мероприятия, посвящённые Дню памяти воинов-интернационалистов, и конференция районной организации “Белорусского союза ветеранов войны в Афганистане”

Общество

Працягваць лепшыя традыцыі

Возложение венков к памятному знаку воинам-интернационалистам Шумилинского района

15 лютага па ўсёй Беларусі, у тым ліку і на Шуміліншчыне, прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У аўторак воіны-інтэрнацыяналісты правялі ў раённым ваенным камісарыяце справаздачную канферэнцыю раённай арганізацыі ГА ”Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С. Д. Вярцінская, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы К. Ф. Баканаў, а таксама ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі. У сваёй справаздачы старшыня савета раённай арганізацыі ”Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане” М. А. Калянковіч адзначыў, што афганцы – частыя госці ў школах. Мікалай Аляксандравіч падкрэсліў, што менавіта яны павінны стаць важным ланцужком у патрыятычным выхаванні моладзі.
І. М. Новікава прапанавала былым воінам-інтэрнацыяналістам актыўней уключацца ў агульныя справы раёна, разам працаваць на тое, каб наша Шуміліншчына з кожным годам станавілася ўсё больш прыгожай. Ірына Мікалаеўна прапанавала закласці ля Шумілінскага возера алею памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
На пасяджэнні быў пераабраны старшынёй савета М. А. Калянковіч, таксама абраны дэлегаты на абласную канферэнцыю грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.
Годна, з гонарам прайшліся афганцы па цэнтральных вуліцах райцэнтра. Прачулым выдаўся мітынг ля мемарыяльнага знака воінам-інтэрнацыяналістам. Хвіліна маўчання… Памяць пра ўсіх загінуўшых на той жорсткай і крывавай вайне, сярод якіх і чатыры нашыя землякі – Анатоль Скобаў, Віктар Угнявёнак, Пётр Чуркін і Іван Сакалоў.
Для жадаючых воінаў-інтэрнацыяналістаў была арганізавана паездка ў Мікіціху ў Дом культуры на занальны тур абласнога конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў”.
Добрай традыцыяй стала наведванне прадстаўнікамі райвыканкама і райваенкамата бацькоў тых воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў Афганістане. Ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Л. В. Шаўцова  наведалі ў Сосніне  Веру Андрэеўну Угнявёнак і ў Дубраве  Мікалая Аляксеевіча і Канстанціну Ульянаўну Скобавых.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №13 ад 18.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *