Шумилинская налоговая инспекция лидирует в области по результатам работы

Актуалии Общество Экономика

“Падаткі – цана, якую мы плацім за цывілізаванае грамадства”
Вынесеная ў загаловак цытата амерыканскага пісьменніка Олівера Холмса дакладна адлюстроўвае значэнне падаткаў у грамадстве і ў дзяржаве. Падаткі – гэта сродкі, якія ідуць на агульныя для ўсяго грамадства мэты, на ўтрыманне дзяржаўных інстытутаў, на развіццё сацыяльнай сферы, на падтрымку эканомікі.
За дваццаць пяць гадоў існавання падатковая служба Беларусі прайшла шлях  ад падатковай інспекцыі пры Мініcтэрстве фінансаў да Міністэрства
па падатках і зборах. Удасканальваліся самі падаткі, удасканальваліся метады работы падатковых органаў.
Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Шумілінскім раёне па выніках работы за 2014 год заняла першае месца ў вобласці (сярод раённых інспекцый III групы).   Напярэдадні прафесійнага свята мы размаўляем з начальнікам інспекцыі па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Шумілінскім раёне Аленай Сяргееўнай Мужавай.
– Адна з галоўных задач падатковых органаў – папаўненне дзяржаўнай казны. Наколькі складана спраўляцца з гэтым у сучасных умовах?
– У сучасных умовах сапраўды складана збіраць падаткі, папаўняць бюджэт нашага раёна і кансалідаваны бюджэт. Тым не менш мы з гэтай задачай спраўляемся і выконваем планавыя паказчыкі. Па выніках работы за 2014 год мабілізавана 124,2 мільярда рублёў, у тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт – 34,4 мільярда, у мясцовы – 89,8 мільярда.
Крыху знізіліся паступленні сёлета, бо наша бюджэтаўтваральнае прадпрыемства “Вежа” не ажыццяўляе дзейнасць у тых аб’ёмах, якія яны давалі раней. Па выніках першага паўгоддзя бягучага года мы выйшлі без запазычанасцяў па падатках, але на працягу гэтага перыяду некаторыя суб’екты гаспадарання несвоечасова разлічваліся па плацяжах у бюджэт.
– Сёння ў Шумілінскім раёне дастаткова актыўна развіваецца сярэдні і дробны бізнес. Ці ўспрымаюць прадпрымальнікі і іншыя грамадзяне разлікі з падатковай як свой грамадзянскі абавязак?
–  У нашым раёне суб’екты сярэдняга і дробнага бізнесу – законапаслухмяныя і паступленні ад іх заўжды былі на парадак вышэй, чым ў аналагічных сельскіх раёнах. Паступленні ад гэтай катэгорыі падаткаплацельшчыкаў даходзілі да 60% ад агульнай сумы плацяжоў. Сёлета гэтая лічба знізілася і складае каля 40%. Ад індывідуальных прадпрымальнікаў паступае каля 2-3%.
–  Ці ёсць такія, хто наўмысна ўхіляецца ад падатковых плацяжоў?
– У нашым раёне падаткаплацельшчыкі даволі дысцыплінаваныя. Так, пры праверках выяўляюцца парушэнні, даналічваюцца сумы плацяжоў, але гэтыя парушэнні не наўмысныя. Як правіла, яны ўзнікаюць ад недахопу ведаў па падатковым заканадаўстве, ад недахопу часу.
Пэўныя праблемы стварае “ценявы” бізнес, які ёсць і ў нашым раёне. Гэта фізічныя асобы, якія маюць даходы і не плацяць падаткі з іх. Яны хаваюць свае даходы, але купляюць дарагую маёмасць, кватэры.  Мы працуем з такой катэгорыяй фізічных асоб. Толькі сёлета за паўгода запатрабавалі 48 дэкларацый аб даходах і маёмасці, ужо праверана 8 дэкларацый, налічаны і заплачаны падатак у суме 41 мільён рублёў (за ўвесь 2014 год было праверана 12 дэкларацый і падаткаў было каля 36 мільёнаў рублёў). У гэтым напрамку мы будзем працаваць і далей, тым больш, што гэтага патрабуе і дэкрэт “пра дармаедаў”.
– Алена Сяргееўна, вы прысвяцілі рабоце ў падатковых органах больш за дваццаць гадоў. Як з часам мяняліся прынцыпы работы падатковых органаў? Цяпер лягчэй ці складаней працаваць?
– Дваццаць пяць гадоў, здаецца, не такі ўжо і вялікі ўзрост, але для біяграфіі нашай службы гэта значны адрэзак часу. Калі ў 90-я гады мінулага стагоддзя  наша краіна выйшла на рыначную эканоміку, з’явілася неабходнасць стварэння службы, якая б кантралявала гэтыя працэсы, акумулявала бюджэтныя сродкі. Тады быў адзін камп’ютар на ўсю інспекцыю, вялікае мноства інструкцый.
Зараз ёсць адзіны Падатковы кодэкс, ёсць камп’ютарызаваныя працоўныя месцы, электронныя базы даных. Што тычыцца інфармацыйных тэхналогій, дык паслугай электроннага дэкларавання карыстаецца больш за 70% падаткаплацельшчыкаў нашага раёна, як юрыдычных, так і фізічных асоб.
Складанасць у тым, што пасля аптымізацыі штат інспекцыі скараціўся на 30%, а аб’ёмы работы засталіся тыя ж і нават растуць.
– Якія перамены адбыліся ў сістэме падаткаабкладання за апошні час, ці з’явіліся нейкія прынцыпова новыя падыходы?
– У 2010 годзе наша сістэма падаткаабкладання заняла ў сусветным рэйтынгу ўмоў для вядзення бізнесу пазіцыі далёкія ад лідараў. Кіраўніком дзяржавы перад Міністэрствам па падатках і зборах была пастаўлена задача удасканаліць падатковую сістэму нашай краіны, каб яна ўвайшла ў ТОР 70. За пяць гадоў мы гэту задачу выканалі і, па ацэнцы 2014 года Беларусь займае 63 месца ў гэтым рэйтынгу.
Калі ў пачатку дзейнасці ў нас была вялікая колькасць самых розных падаткаў, то зараз іх засталося фактычна пяць: падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, падатак на прыбытак, маёмасныя падаткі (на зямлю і нерухомасць) і падаходны падатак. Былі ўдасканаленні ў іншых пытаннях падаткаабкладання, дэкларавання, вядзення дакументацыі.
– З чаго складваецца вобраз падатковага інспектара? Што вы як кіраўнік патрабуеце ад сваіх супрацоўнікаў?
–  Падатковы інспектар як універсальны салдат: павінен быць карэктным, тактоўным, разумным, знешне прывабным. Ні ў якім разе не павінен запэцкаць гонар мундзіра, а яшчэ важныя прынцыповасць, адказнасць, кваліфікаванасць. Абавязкова – вышэйшая адукацыя. Вось гэтымі крытэрыямі і кіруемся пры выбары работнікаў. Пасля аптымізацыі ў інспекцыі засталіся самыя вопытныя, са стажам работы, спецыялісты.
– Ці ёсць у вашым калектыве свае традыцыі? Работа інспектара складаная і напружаная, не заўсёды звязана з прыемнымі эмоцыямі, а значыць трэба адпачываць.
– У нас невялікі, але вельмі дружны, малады (узрост 30-40 гадоў) і актыўны калектыў. У нас ёсць пярвічная арганізацыя БРСМ, прафсаюзная арганізацыя. Мы адзначаем святы, у нас ёсць “Дзень імянінніка”, выязджаем на экскурсіі, на лыжню – вядзём насычанае, актыўнае, здаровае жыццё.
Напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць тых, хто стаяў ля вытокаў падатковай службы раёна: Заляцілу Эдуарда Ігнатавіча, першага начальніка інспекцыі Сямёнаву Рэгіну Браніславаўну, нашых ветэранаў. Супрацоўнікам інспекцыі хачу сказаць дзякуй за працу – без гэтага не было б плённых вынікаў. Хачу сказаць дзякуй плацельшчыкам падаткаў нашага раёна: без іхняй адказнасці не было б напаўнення бюджэту.  А гэта – зарплата медыкаў і педагогаў, сацыяльныя аб’екты і інфраструктура, якімі карыстаемся ўсе мы.
Моцнага ўсім здароўя, шчасця, аптымізму і дабрабыту!
– Алена Сяргееўна, дзякуй вам за інтэрв’ю. Поспехаў у вашай працы!
Размаўляў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Лічбы і факты
Вынікі работы інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Шумілінскім раёне ў I паўгоддзі 2015 года
Фарміраванне бюджэту Шумілінскага раёна забяспечвалі 318 арганізацый, 206 індывідуальных прадпрымальнікаў і больш за 8,5 тысячы фізічных асоб.
У кансалідаваны бюджэт раёна мабілізавана 56,2 мільярда рублёў, у тым ліку: у рэспубліканскі – 11,3 мільярда, у мясцовыя – 44,8 мільярда.
У структуры даходаў падаходны падатак складае 37,5% (Br21,1 мільярда); акцызы – 22,1% (Br12,2 мільярда), маёмасныя падаткі – 8,7% (Br4,9 мільярда).
У агульнай суме паступленняў плацяжы арганізацый дзяржаўнага сектара эканомікі складаюць 41,3% (Br23,2 мільярда), доля недзяржаўных арганізацый складае 40,2% (Br22,6 мільярда).
Асноўная частка паступленняў —  43,9 мільярда рублёў (78,1%) выплачана добраахвотна, за кошт прымусовых мер паступіла 12,3 мільярда рублёў.
Дзякуючы рабоце падатковай інспекцыі дадаткова ў бюджэт паступіла 2,7 мільярда рублёў. Праведзена 95 праверак, парушэнні ўстаноўлены ў 91 выпадку.
Інспекцыя выявіла 14 фактаў незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці (бытавыя паслугі, рамонт аўтамабіляў, будаўнічыя работы, перавозка пасажыраў, гандаль, гандаль праз інтэрнэт, нарыхтоўка металу). Па выніках праверак паступіла ў бюджэт 35,2 мільёна рублёў.
Запатрабавана 48 дэкларацый аб даходах і маёмасці ў асоб, якія “жывуць не па сродках”, у тым ліку не маюць асноўнага месца работы – 18. Па выніках праверак устаноўлена перавышэнне расходаў над даходамі ў суме 298 мільёнаў рублёў, даналічана плацяжоў у бюджэт 43,4 мільёна рублёў.

Пераможца рэспубліканскага конкурсу на званне “Лепшы работнік падатковых органаў за 2014 год” Святлана Цімашэнка, начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Шумілінскім раёне.
Надрукавана ў № 53 ад 10.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *