Шумілінцы на “Славянскім базары”

Актуалии Культура Общество

Шумілінцы на “Славянскім базары”
Для Віцебска ліпень – гэта росквіт творчасці, натхнення, якімі прасякнуты кожны куточак горада і кожнае чулае сэрца. “Славянскі базар” напаўняе ліпеньскі Віцебск музыкай, песнямі, смехам, забавамі. Праграма фестывалю настолькі насычаная, што мерапрыемствы ідуць ад ранку да ранку,  і ўвесь горад напоўнены канцэртамі, выставамі, конкурсамі. Толькі прыедзь у горад, і імклівы людскі вір падхоплівае цябе і нясе з вуліцы Кірава, на Замкавую, на Талстога, на Леніна… Але ж стойце, дзесьці тут выступаюць нашы шумілінцы!

Свята ручніка
Свята “Ручнік як лёс” 9 ліпеня ўпрыгожыла вышыванымі ручнікамі плошчу Свабоды. Ручніку спявалі гімны, прызнаваліся ў любові, дзякавалі яму, што ён разам з чалавекам ад калыскі да спачыну.
Свой узор у абласное свята ўплялі і шумілінцы. Дом рамёстваў прэзентаваў на свята самыя лепшыя ручнікі нашага краю, з якімі на сцэну выйшаў народны вакальны ансамбль “Гарэзнікі”.  Прыйшоўшыя з мінулага ўзоры перапляліся з самабытным талентам “Гарэзнікаў”, са звонкімі галасамі юных обальскіх “гарэзніц”, якія пачынаюць ткаць свой жыццёвы ручнік.
Праграма атрымалася яркай, жывой, нацэленай у будучае. “Гарэзнікі” за яе атрымалі дыплом.

«На сямі вятрах»
Упершыню ў гэтым годзе на “Славянскім базары” праходзіў фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. У рамках праекта “Лялечны дворык” з усіх раёнаў Віцебскай вобласці сабралася шмат калектываў, каб прадэманстраваць свой талент у мастацтве лялечнага тэатра. Узорны лялечны тэатр “Батлейка” Шумілінскага дома рамёстваў таксама не прапусціў гэту падзею. 9 ліпеня на панадворку краязнаўчага музея шумілінская батлейка першай адкрыла праграму выступленняў калектываў. На суд гледачоў тэатр прадставіў рускую народную казку “Ямеліна шчасце” пра ўсімі вядомага Ямелю-дурня. Цудоўная казка перанесла гледачоў у свет чараўніцтва і цудаў. З захапленнем глядзелі не толькі дзеці, але і ўсе дарослыя.

“Кірмаш бульбашоў”
Урачыстае адкрыццё “Горада майстроў” прайшло на плошчы Свабоды 9 ліпеня.
Трывалае месца ў гэтым горадзе займаюць падворкі райцэнтраў. Сёлета яны мелі тэматычную накіраванасць і ўяўлялі сабой брэнды раёнаў. Шумілінскі падворак “Кірмаш бульбашоў” быў надзіва папулярны. Яшчэ б, які беларус уяўляе свой стол без бульбяных прысмакаў!
А на падворку была самая лепшая бульба ў вобласці, якую вырасціла СФГ «Раднік». Дарэчы тут прыйшліся і конь з калёсамі, няхай сабе несапраўдныя, але яны вытрывалі фотасесію да самай ночы з дзясяткамі наведвальнікаў і ніколькі не стаміліся. Была на падворку і сувенірная прадукцыя шумілінскіх майстроў, обальскія кераміка і тарфяная прадукцыя, сподачкі ад “Альянспласта” і яшчэ шмат чаго.
А тым часам на сцэнічнай пляцоўцы плошчы Свабоды разгарнуўся сапраўдны “Кірмаш бульбашоў”. Ладзілі яго народны фальклорны калектыў “Гульбічы”, народны ансамбль “Абалянка”, народны хор “Світанак”. На сцэне было шумна, весела, як на сапраўдным кірмашы. Ля сцэны гледачы крычалі “Брава, шумілінцы!” Адным словам, брэнд Шумілінскага раёна быў прадстаўлены годна.

Назад у мінулае
“Славянскі базар” не перастае здзіўляць сваёй цікавай і насычанай праграмай. Даведаўшыся, што ў гэтым годзе на фестываль прыязджае ўсімі вядомы і любімы гурт “Рукі ўверх”, я ў першы дзень продажу білетаў пабегла іх набываць. Майму здзіўленню не было мяжы, калі я на свае вочы пабачыла, што ўжо за палову дня была куплена вялікая колькасць білетаў. Гэта сведчыла пра адно – аншлагу быць! Так яно і сталася. 12 ліпеня пяцітысячная аўдыторыя сустракала світанне пад песні сваёй маладосці, а хто і дзяцінства.
“Рукі ўверх” – такі заклік на пачатку канцэрта аддаў Сяргей Жукаў свайму гледачу, нібы той Гагарын перад палетам у космас. Але толькі ляцелі мы не ў космас і не на ракеце. Усімі вядомыя хіты “Крошка моя”, “Студент”, “А он тебя целует”, “Алёшка” перанеслі прысутных на своеасаблівай машыне часу ў дарагія, родныя мясціны мінулага.
З першай песні “18 мне уже” амфітэатр ўстаў з месцаў і стаў падпяваць любімаму спеваку і купаць у апладысментах і кветках. Хіт не выпадкова быў уключаны ў канцэртную праграму пад нумарам адзін. Усё з нагоды таго, што ў гэтым годзе гурт святкуе сваё паўналецце –  18 год. Запальваць аўдыторыю Сяргею Жукаву дапамагалі балет Street-Jazz, OPIUM project і брат Міхаіл Жукаў.
Канцэрт скончыўся працяглым паклонам артыстаў у знак падзякі за аншлаг і цёплую сустрэчу.
На «Славянскім базары ў Віцебску» фестывалілі Аліна ПЯТРОВА і Юлія ЗУБАРАВА.
Надрукавана ў №54 ад 14.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *