Молодые специалисты АПК Шумилинского района приняли участие в областном слёте

Актуалии Молодёжь Сельское хозяйство Экономика

Прыйсці, каб застацца
Абласны злёт маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу сабраў у акадэміі ветэрынарнай медыцыны больш за 80 прадстаўнікоў. Арганізатарамі форуму выступілі абкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

фото из открытых источников носит иллюстративный характер

Сёння многія маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы пасля вучобы належны тэрмін, развітваюцца з прадпрыемствам, а то і, наогул, з сельскагаспадарчай галіной. На жаль, толькі 12 працэнтаў такіх работнікаў замацоўваюцца ў сельгасарганізацыях Шумілінскага раёна. Гэты самы нізкі ў вобласці паказчык агучыла намеснік старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК Маргарыта Іванчанка.
Кіраўніцтва вобласці ўсведамляе неабходнасць стварэння прывабных умоў для работы і жыцця маладым. Добрая зарплата, матэрыяльная дапамога на першых парах, высокая арганізацыя працы, дах над галавой – усё гэта, безумоўна, натхніць юных спецыялістаў на плённую, а галоўнае – працяглую працу.
– Рашэннем кіраўніцтва вобласці пару гадоў таму заработная плата для маладых спецыялістаў у галіне ветэрынарыі і заатэхніі павялічылася ў 3-4 разы, – звярнуў увагу першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Машэра. – Маладыя людзі павінны адчуваць, што яны патрэбныя. Мы, да прыкладу, строга кантралюем, як яны ўладкоўваюцца ў гаспадарках, ці наладжаны побыт, ці ёсць выхадныя, якую зарплату атрымліваюць.
Маладым людзям выдзяляюцца выгадныя крэдыты на абзавядзенне гаспадаркай, ёсць льготы на набыццё жылля, спецыяльныя даплаты. У той жа час Маргарыта Іванчанка ўдакладніла, што колькасць і памер бонусаў залежаць ад фінансавага стану прадпрыемства.
Уладзімір Машэра адзначыў, што сёння сельскай гаспадарцы нестае спецыялістаў заатэхнічнай, агранамічнай і ветэрынарнай службаў. Ён выказаў надзею, што ў сувязі са змяненнем умоў прыёму ў вну маладыя людзі будуць больш ахвотна абіраць спецыяльнасці сельскагаспадарчай скіраванасці.
Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Самсановіч звярнуў увагу на тое, што маладыя спецыялісты павінны не толькі замацоўвацца на працоўных месцах, але і ўвесь час павышаць свой прафесійны ўзровень. І сельскагаспадарчая – адзіная галіна эканомікі, якая робіць гэта за бюджэтны кошт.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
На злёт маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу ад нашага раёна былі накіраваны інжынер-энергетык ААТ «АграБаравінка» Арцём Нікіфараў, ветэрынарны фельчар ААТ «Ляжні» Вераніка Сінякова, вядучы ўрач-эпізааталог райветстанцыі Вікторыя Шандо. Дэлегацыю ўзначальваў галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Павел Загацкі. Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Павел Загацкі: «За апошнія пяць гадоў такі злёт маладых спецыялістаў ладзіўся ўпершыню. У сваім выступленні першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы аблвыканкама Уладзімір Машэра агучыў важныя пытанні, якія сёння хвалююць многіх: захаванне сацыяльных гарантый, умовы працы, падтрымка прафсаюзных арганізацый, адаптацыя ў калектывах. Былі цікавыя выступленні прадстаўнікоў камітэта. Ну, а напаследак усіх прысутных запрасілі на цікавую экскурсію ў музей ветакадэміі».
Вераніка Сінякова: «Мерапрыемства карыснае і цікавае. Не сакрэт, што на пачатку свайго прафесійнага шляху маладыя спецыялісты часта губляюцца і не ведаюць, да каго звярнуцца па тых ці іншых праблемных пытаннях. На сустрэчы нам па-тлумачылі, як павінна быць правільна. Мне спадабалася тое, што спецыялісты з абласной племстанцыі прапанавалі маладым ветурачам і фельчарам сваю дапамогу, далі кантактныя тэлефоны і абяцалі кансультацыю па любым пытанні».
Вікторыя Шандо: «Усе выступаючыя на мерапрыемстве заклікалі моладзь АПК заставацца ў гаспадарках пасля адпрацоўкі. А яшчэ гаварылі пра льготы, якія даюцца маладым спецыялістам. Мне далі пакой у інтэрнаце, выплацілі пад’ёмныя, кожны месяц даплачваюць да заробку. Думаю, на Шуміліншчыне мяне прынялі не горш, чым у Верхнядзвінскім раёне, адкуль я родам».
Арцём Нікіфараў: «Для мяне цікавымі былі выступленні кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу. Многія з іх расказалі пра свой першы вопыт, пра цяжкасці і пра тое, як з імі спраўляліся. Тое-сёе занатаваў для сябе, можа, спатрэбіцца ў рабоце. Яшчэ карысным для моладзі было выступленне рэктара ветакадэміі Мікалая Гаўрычэнкі, які расказаў аб праблемах, з якімі прыйшлося сутыкнуцца былым выпускнікам».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №86 ад 01.11.2019 г.