Шумілінцы на “Славянскім базары ў Віцебску”

Актуалии Общество

Шумілінцы на “Славянскім базары ў Віцебску”


Дзень моладзі

Традыцыйны Дзень моладзі на  Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” сабраў вялікую колькасць удзельнікаў з усёй Беларусі. У Год  моладзі  арганізатары зрабілі ўсё магчымае, каб маладзёжны дзень на фестывалі стаў самым крэатыўным і адметным.
Шумілінская дэлегацыя, якую узначальваў  першы сакратар райкама ГА БРСМ Аляксандр Хмарын, складалася з  вучнёўскай і працуючай моладзі.
Падчас  акцыі  “Мы памятаем і ганарымся” ўдзельнікі і госці свята ўсклалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі і ўшанавалі памяць герояў і ахвяр вайны хвілінай маўчання.
Сапраўдным упрыгажэннем “Славянскага базару” стаў маладзёжны арт-парад “БелаРусь у сэрцы маім”, які прайшоў ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі.
Асаблівы каларыт шэсцю надалі прадстаўнікі маладзёжных субкультур – велатрыялісты, байкеры, джамперы, скейтбардысты, ролеры, брэйк-дансеры, графіцісты, хадулісты, бітбоксеры, хіп-хоперы, мастакі бодзі-арт, аўтары бардаўскай песні, поп- і рок-групы, прадстаўнікі рыцарскіх клубаў, творчых груп, танцавальных школ краіны, удзельнікі маладзёжных аркестраў і музычных калектываў, маладзёжных фальклорных калектываў, духавых і інструментальных аркестраў, тэатраў.
Уразіў  фестываль “Агонь танца-2015”, што прайшоў на цэнтральнай сцэне плошчы Перамогі мастакі 3D-малюнкаў, якія стваралі свае кампазіцыі прама на плошчы.
Арыгінальна і цікава прайшла інтэрактыўная экспазіцыя “Маладзёжны падворак”, на якіх арганізавалі пляцоўкі-прэзентацыіі ад кожнай вобласці.
Шырока былі прадстаўлены нацыянальны каларыт, народныя абрады і гульні, побыт беларусаў і народныя промыслы. Асаблівай папулярнасцю карысталася выстава нацыянальных страў, падчас якой можна іх як прыгатаваць, так і прадэгуставаць.
Даспадобы моладзі прыйшліся выставы “Рэтра-аўтамабіль”, “СуперБайк” і “АўтаГук”. Парадавалі сваім майстэрства бармены, якія спаборнічалі ў конкурсе “Мабільная кавярня”.
Завяршыўся Дзень моладзі традыцыйнай бітвай дзі-джэяў “Беларусь і я”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў № 55 ад 17.07.2015 г.

Таленты не маюць абмежаванняў
У рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” прайшоў Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў. У ім прымалі ўдзел  прадстаўнікі з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Германіі, Латвіі, Літвы і іншых краін. Са сваёй праграмай прыехалі на свята і члены Шумілінскай раённай арганізацыі таварыства інвалідаў.
Трэба адзначыць, выступленне шумілінцаў на фестывалі было на вышыні. Іх песні, якія выконвалі падчас літаратурна-музычнай кампазіцыі “Каравай”,  краналі душу, яны былі бадзёрымі і радаснымі, іскрыстымі і сонечнымі. Песні славілі нашу Шуміліншчыну і хлебаробаў-землякоў. Член таварыства (акампаніятар Кардонскага клуба) Анатоль Матуз прымеркаваў да свята песню “Шумілінскі край”, словы і музыку да якой напісаў сам. Журы ацаніла творчасць нашага земляка: Анатолю Матузу прысудзілі трэцяе месца і ўручылі дыплом і падарунак.
Не было роўных шумілінцам у намінацыі “Эстрадны вакал”. Тэатралізаванае прадстаўленне песні “Балада пра маці”, прысвечанай жанчыне-маці, якая стаяла перад нялёгким выбарам у час вайны, не магло пакінуць гледачоў раўнадушнымі. Песню выконвала Валянціна Навіцкая, ролю маці – Любоў Улюценка.
“Мы доўга рыхтаваліся да гэтага конкурсу, – расказала старшыня раённага таварыства інвалідаў Л. М. Нагібава. – Хочацца адзначыць нашых хлопцаў Аляксандра Халсціннікава са Светласельскага, Ігара Апяцёнка з Обалі, Аляксея Бядрыцкага з Мікіціхі, якія сёлета ўпершыню ўдзельнічалі ў конкурсе і выступілі годна”.
Выступленне раённага таварыства інвалідаў адзначылі беларускі кампазітар Ігар Лучанок і старшыня цэнтральнага праўлення таварыства інвалідаў У. П. Патапенка: тэатралізаванае прадстаўленне шумілінцаў было прызнана лепшым – нашы землякі занялі першае месца. Удзельнікаў песні-прадстаўлення “Балада пра маці”  на наступны дзень запрасілі выступіць на адкрытай пляцоўцы культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо Віцебска “Дзвіна”».
На фестывалі была прадстаўлена выстава-продаж “Умелыя рукі”. Выпечка шумілінскіх гаспадынь разышлася “на ўра”.
Фестываль ярка паказаў, што для талентаў няма ніякіх абмежаванняў. Кожнаму ўдзельніку Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў “Віцебск-2015”, былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Фота Святланы БАЛАШЭЎСКАЙ.
Надрукавана ў № 55 ад 17.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *