В арсенале шумилинских пожарных современный МАЗ и раритетный «Мерседес»

Актуалии Общество

Могуць утаймаваць стыхію
Яны смелыя і амбіцыйныя, рызыкоўныя і рашучыя. Яны ўмеюць дзейнічаць у самых экстрэмальных сітуацыях. Прафесія пажарнага не даруе бязволля і слабасці, не дазволіць сумнявацца ці адступаць. Паняцці сяброўства, братэрства і ўзаемавыручкі для іх не проста словы, а чалавечыя якасці, без якіх немагчыма адбыцца ў прафесіі. Партрэт пажарнага вызначае таксама высокая дысцыплінаванасць і годная фізічная форма. І як бы ні мяняў сучасніка бязлітасны час, прадстаўнікі гэтай мужнай прафесіі заўжды будуць верныя самым высакародным ідэалам.
Яны штодня адточваюць свае прафесійныя навыкі, удасканальваюцца, асвойваюць новую тэхніку, робяць усё магчымае для таго, каб аднойчы, сутыкнуўшыся твар у твар з самай жорсткай стыхіяй, не спасаваць, узяць сітуацыю ў свае рукі і перамагчы, выратаваўшы, магчыма, нечае жыццё, дом ці, нават, цэлую вёску. Але, разыходзячыся па дамах пасля дзяжурства, яны ніколі не развітваюцца, не кажуць адзін аднаму звычайныя “шчасліва” ці “добрага дня” – на ўсялякі выпадак, каб не наклікаць…
А бывае, чалавека выратаваць не ўдаецца. Агонь звычайна забірае найперш таго, хто сам не цэніць свайго жыцця, за п’янкай, неасцярожнасцю …
Толькі ўсё адно ў такія моманты на душы выратавальніка  цяжка. І ён будзе рабіць усё магчымае і немагчымае, каб агонь не прыносіў такой бяды.

У поўнай баявой гатоўнасці побач з сучаснымі машынамі стаіць і пажарная машына 1966 года выпуску, якую ў Еўропе сустрэнеш хіба толькі ў музеі.

Намеснік начальніка райаддзела на надзвычайных сітуацыях па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Д. А. Красоўскі запэўніў, што сучасная тэхніка адкрывае новыя магчымасці. Да прыкладу, у пачатку года ў разліку з’явіўся новы МАЗ, які можа ўмясціць 10 тон вады. З’явіліся і вадалазныя касцюмы, якія, на шчасце, выкарыстоўваліся пакуль толькі на вучэннях. Ёсць шмат іншага карыснага ўзбраення, якое дапамагае не толькі на пажарах, але і ў іншых надзвычайных сітуацыях, на дапамогу ў якіх выклікаюць выратавальнікаў. Дарэчы, за дзень 5-6 выклікаў абавязкова здараюцца на выпадкі, не звязаныя з пажарамі.
Работнікі аддзела не раз станавіліся героямі газетных публікацый. Яны вядуць здаровы лад жыцця, займаюцца спортам. Вось і ў мінулыя выхадныя каманда нашага аддзела брала ўдзел у абласным турысцкім злёце МНС і заняла сёмае месца сярод 23 каманд-удзельніц. Яны ганарацца трэцім месцам у валейболе і другім – у кіданні ядра (Іван Маскалькоў). У спецыяльным пакоі псіхафізічнай разгрузкі ёсць і більярд, і спартыўныя снарады. Ды і каму, як не выратавальнікам, быць прыкладам для хлопцаў, будучых мужчын.
Лічбы і факты
Сёлета ў раёне здарылася 14 пажараў, на якіх загінулі 4 чалавекі, 2 атрымалі апёкі. Пажарамі знішчаны 2 жылыя дамы, 5 надворных пабудоў, адна адзінка тэхнікі.
*     *     *
Работнікамі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Шумілінскага раёна за гэты год выратавана на пажарах матэрыяльных каштоўнасцяў больш чым на 467 мільёнаў рублёў, 16 пабудоў і 2 адзінкі тэхнікі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №57 ад 24.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *