Газета объявляет конкурс «Моя свадьба»

Мир увлечений Общество

“МАЁ ВЯСЕЛЛЕ”
Мяняецца час, а разам з ім мяняецца мода, даўжыня сукенкі, вышыня абцаса, прычоскі, рытуалы. Цікава параўноўваць сённяшнія вясельныя фотаздымкі з тымі, якім ужо 20, 30, 40, 50 год. Па старых фотаздымках, наогул, можна вывучаць не толькі гісторыю моды, але і гісторыю краю, яго культуру.
Мы запрашаем вас пагартаць свае вясельныя альбомы і прыняць удзел у фотаконкурсе “МАЁ ВЯСЕЛЛЕ”, які аб’яўляе раённая газета. А калі ваш фотаздымак дапоўніць кароткая рамантычная (ці не вельмі) гісторыя, дык будзе зусім цудоўна, і вы зможаце прэтэндаваць на перамогу.
А будзеце вы ў шыкоўных строях на белым лімузіне ці ў сціплых паўсядзённых уборах на дзедавым кані – самі разумееце, не гэта галоўнае.
Лепшыя здымкі мы змесцім на старонках раённай газеты і на сайце “Герой працы”, а таксама адзначым ганарарам.
Мы пагарталі вясельныя фотаздымкі супрацоўнікаў рэдакцыі (вядома, хто згадзіўся іх паказаць) і спыніліся на вясельным фота Наталлі і Фёдара Бараноўскіх. Чаму? Па-першае, яны адбыліся як сям’я, падмацаваўшы гэта званне дзвюма дочкамі і ўнучачкай. Па-другое, цікавая гісторыя іх знаёмства: іх звёў камсамол – абое працавалі ў райкаме камсамола (яна – у Лёзне, ён – у Шуміліне), прыехалі ў Віцебск у абкам камсамола, і тут у іх стрэліў Амур, і запалалі іхнія камсамольскія сэрцы  яшчэ больш яркім агнём – агнём кахання.  Па-трэцяе, гэтаму здымку 5 мая гэтага года (на Дзень друку!) спаўняецца роўна 30 год.
5 мая 1984 года сады патаналі ў белай квеці, а на райкамаўскай чорнай Волзе (тады гэта было больш крута,
чым сёння Лімузін) ехалі маладыя ў загс. Шчаслівыя, закаханыя…
Дасылайце вашы вясельныя фотаздымкі на адрас 211260 г. п. Шуміліна, вул. Ленінская, 24 ці на электронную пошту G_pracy@vitebsk.by
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №12 ад 14.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *