В лагере «Алый парус» в Лесковичах заканчивается вторая смена

Актуалии Образование

У гасцях у «Пунсовага ветразя»
Лета – самая доўгачаканая і любімая пара года ўсіх школьнікаў. Яе дзеці з нецярпеннем пачынаюць чакаць ужо з першага верасня, будуючы планы на наступнае лета. Лагер для дзяцей – гэта іх маленькае жыццё, менавіта тут у час адпачынку яны набываюць не толькі сяброў,  але і шмат яркіх і запамінальных момантаў. Напрыканцы мінулага тыдня мы завіталі ў дзіцячы аздараўленчы лагер “Пунсовы ветразь”, які працуе на базе раённай гімназіі ў Лескавічах.
Лясное паветра, хвалюючы шум сосен, чароўныя спевы птушак, прыгожае і чыстае возера – у Лескавічах сапраўды добрыя ўмовы для адпачынку. І гучнае рэха галасоў дзяцей тут будзе адгукацца да 29 ліпеня. Здаецца, зусім нядаўна лагер адчыніў свае дзверы для другой змены, у якую прыехалі адпачыць 45 дзяцей.
Адпачываць сюды прыехалі дзеці з усіх куткоў раёна. Большасць дзяцей, як паведаміла нам старшая выхавальніца Ірына Леанідаўна Качан, якія знаходзяцца тут на аздараўленні, са шматдзетных, няпоўных, прыёмных і апякунскіх сем’яў. Нярэдкая з’ява, калі прыязжаюць сюды і некалькі дзяцей з адной сям’і.
Кожны дзень для дзяцей нясе новыя ўражанні. План мерапрыемстваў створаны так, што кожны дзень мае пэўную тэму. На пачатак змены прыпадаюць дзень знаёмстваў, дзень адаптацыі, дзень радасці. Скончыцца змена днямі эмоцый і развітання. Акрамя гэтага тут прайшлі дзень мужнасці і адвагі, у які для выхаванцаў былі арганізаваны экскурсія ў РАНС г. п. Шуміліна, дзе вельмі цікавым для дзяцей было прымерыць форму выратавальніка, пасядзець у пажарнай машыне, на свае вочы пабачыць як тушаць пажар. На выратавальным пасту на шумілінскім возеры пазнаёміліся з правіламі паводзін на вадзе. У дзень рэкордаў і адкрыццяў “Пунсовы ветразь” прымаў гасцей з раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якія прадэманстравалі тэхніку пляцення лялек з саломкі. “Бацькоўскі дзень” з акцыяй “Маё дзіця” дапамог  выявіць, наколькі бацькі ведаюць сваё дзіця. Дзень турызму, дзень алімпійцаў, дзень музыкі, дзень гумару, дзень эканомікі, дзень спорту, дзень прыгажосці, дзень волатаў… Згадзіцеся, з такой насычанай праграмай сумаваць у “Пунсовым ветразі” няма часу. Дадайце да гэтага спартыўныя гадзіны, дыскатэкі, прагляд кінафі-льмаў, конкурсныя праграмы, гульні.
Шмат часу два атрады праводзяць і на свежым паветры, для іх арганізуюцца пешыя экскурсіі па вёсцы, прагулка на возера. Асаблівую цікавасць, запал энтузіязму надае бонусная сістэма, якая дзейнічае на працягу змены. У канцы змены дзеці, якія праявілі сябе як больш актыўныя, акуратныя, руплівыя і сабралі больш бонусаў, атрымаюць лепшыя прызы.
У лагеры для дзяцей арганізавана паўнавартаснае пяціразовае гарачае харчаванне. Акрамя смачна прыгатаваных і абавязковых каш, катлет, рыбы, курыцы, дзеці ласуюцца марозівам, ёгуртам, сыркамі, садавінай, сокамі. А на развітанне кожны атрымае па цэлай скрынцы цукерак.
Падабаецца ў лагеры не толькі дзецям, але і выхавальнікам, якія апынуліся тут упершыню. Дзве студэнткі другога курса філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава Марыя Дзмітрыева і Дзіяна Стасельская прыехалі сюды не толькі падзарабіць грошай, але і прыдбаць педагагічнага вопыту. Самі дзяўчыны з Віцебска, лагер падказалі знаёмыя, і яны без роздумаў вырашылі ехаць, пра што зараз дзяўчыны ні кроплі не шкадуюць. Першы педагагічны вопыт работы ў лагеры, прызнаюцца Марыя і Дзіяна, пакідае толькі незабыўныя ўражанні і пачуцці. Абяцалі дзяўчыны вярнуцца сюды яшчэ.
Невялікае падарожжа ў краіну дзяцінства ўпэўніла, што там створаны неабходныя ўмовы для добрага адпачынку дзяцей, іх аздараўлення, цікавага правядзення вольнага часу. Змена праходзіць весела, цікава, запамінальна, і кожны знаходзіць сябе ў добрай і карыснай справе.
Юлія ЗУБАРАВА.
Надрукавана ў №58 ад 28.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *