На заседании президиума районного Совета депутатво рассматривались вопросы развития подсобных хозяйств граждан

Актуалии Президент

З памылак трэба атрымліваць урокі
Падсобная гаспадарка — не другарадная. Гэты  ўвогуле трафарэтны выраз, які чамусьці запаў у памяці, успомніўся падчас гаворкі на выязным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якім разглядалася развіццё асабістых падсобных гаспадарак. Форум сабраў усіх зацікаўленых у вырашэнні праблемы асоб у новай актавай зале Дабейскага сельскага Савета.
Перш чым за трыбуну выйшаў галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Р. У. Валадзько, Ірына Мікалаеўна Новікава, старшыня раённага Савета дэпутатаў, якая вяла пасяджэнне, у прадмове да гаворкі  адзначыла, што развіццё асабістых падсобных гаспадарак можна падзяліць на тры накірункі: вытворчасць прадукцыі, здача яе лішкаў і спрыянне таму, каб сяльчанін трымаў жыўнасць на падворку. Па гэтых пытаннях і вялася гаворка.
Р. У. Валадзько зрабіў аналіз спраў па акрэсленым пытанні. Радаснага, шчыра кажучы, мала. Не можа не задавальняць хіба той факт, што ў тым жа Дабейскім сельсавеце закуп на карову вяскоўца склаў 3 тысячы кілаграмаў малака. Гэта пры тым, што ў сярэднім па вобласці ён не дацягнуў да 2,4 тысячы. А ўвогуле шмат памылак і недапрацовак. Па-першае, скарацілася пагалоўе кароў на прыватных сядзібах. Год назад па раёне трымалі 868 кароў, у канцы 2011-га — 727. Калі так пойдзе і далей, наогул спішам у архіў такое паняцце, як падсобная гаспадарка. Чалавек будзе ва ўсім разлічваць на грамадскае пагалоўе, на прывоз таго ж малака, мяса праз аўталаўкі, магазіны.  Не хочацца, аднак, у такое верыць, тым больш, што ведаем нямала гаспадароў, якія не ўяўляюць жыцця без сваёй каровы, казы ці кабана-кормніка.
Гэта было, даруйце, лірычнае адступленне, якое, між тым, па тэме. У дакладзе Р. У. Валадзько адзначана, што ў разліку на карову вяскоўца прыпадае 0,8 га пашы — а гэта нямала. Вось калі б яшчэ яна даглядалася як след. З горыччу гаварылася і пра вялікую ялавасць кароў — да 30%. Адсюль, па ўсім відаць, асноўная прычына таго, што вясковец расстаецца са сваёй буронкай. Недапрацоўвае племслужба раёна. Не без праблем ідзе збор лішкаў малака. У ААТ “АграБаравінка” малако збіраюць машынай — а гэта накладна. Праўда, абяцаў кіраўнік гаспадаркі, што з мая малако ад сяльчан будуць збіраць гужавым транспартам.
Трывожна з кантрактацыяй маладняку ў насельніцтва. Трэба ўжо сёння рабіць падворны абход з тым, каб не ўпусціць ніводнае цяля. Нельга, каб маладняк “выязджаў” з раёна: у нас свой жывёлагадоўчы комплекс у ААТ “Лаўжанскае”. Цэны прымальныя — 27,4 тысячы рублёў пры вазе цяляці да ста кілаграмаў. Праўда, ездзяць закупшчыкі, якія даюць за кілаграм па 30 тысяч. Але ж трэба ўлічыць і льготы, якімі карыстаецца вясковец: і бясплатнае асемяненне каровы (а яно каштуе 107 тысяч), і сена, і паша. Вядома, калі чалавек не здае прыплод “налева”.
Радуе, што менш  малака, якое вяртаецца з сырзавода назад сяльчанам. Па розных прычынах, пераважна таму, што ў ім знаходзяць антыбіётыкі, якія застаюцца пасля лячэння каровы. Калі два-тры гады назад вярталі да 50 тон, то летась — 11,1 тоны. Хаця і гэтая лічба павінна прывесці да роздуму, і яе трэба даводзіць да мінімуму.
Пра тое, як наладжана кантрактацыя жывёлы ў насельніцтва, расказала прадстаўнік райспажыўтаварыства Т. П. Лукашова. Недапрацовак тут, аднак, хапае. І не толькі па закупе цялят, а і свіней, іншай жыўнасці, а таксама па арганізацыі закупу ягад, грыбоў, свежага зяленіва.
На пасяджэнні прэзідыума выступілі галоўны ветурач раёна І. У. Галуза, дырэктар райплестанцыі А. А. Казьмін.
Разгледжана, акрамя гэтага, раённая Праграма па добраўпарадкаванні. Каментарыі па пытанні давала галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага свету І. Г. Блізнец.
Падвяла рысу ў размове І. М. Новікава.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №8 ад 27.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *