І танкі нашы хуткія…

Актуалии Беларусь помніць

І танкі нашы хуткія…
У цэнтры аграгарадка Мішневічы на высокім пастаменце стаіць самаходная артылерыйская ўстаноўка ІСУ-152.  “Танкістам 24 танкавай брыгады 5-га танкавага корпуса 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія прымалі ўдзел у вызваленні тэрыторыі Мішневіцкага сельскага савета у гонар 40-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 16 лістапада 1983 г.”, – напісана на дошцы, устаноўленай на помніку.
24 танкавая брыгада ўдзельнічала восенню 1943 года ў Гарадоцкай аперацыі. У час аперацыі “Баграціён” брала ўдзел у Віцебскай і Полацкай наступальных аперацыях. У далейшым танкісты брыгады ўдзельнічалі ў Рэжыцка-Дзвінскай, Рыжскай і Мемельскай аперацыях, разгроме Курляндскай групоўкі праціўніка.
Гаўрылаў
Пётр
Філіпавіч
(1914 – 1968)
Нарадзіўся ў в. Пясочная Дуброўка Кажэўнікаўскага раёна Томскай вобласці ў сялянскай сям’і. Рускі. Да вайны працаваў бухгалтарам ў Томску. У 1939 г. закончыў курсы ўдасканалення камсас-таву. З ліпеня 1942 г. у складзе 52 танкавай брыгады на Паўночна-Каўказскім фронце, за баявыя дзеянні пры вызваленні г. Мінеральныя Воды ўзнагроджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
З кастрычніка  1943 г. 34 асобная танкавая брыгада (былая 52-я) – на 1-м Прыбалтыйскім фронце, удзельнічае ў Гарадоцкай аперацыі, у ходзе якой вызвалены Мішневічы.  Камандзір танкавай роты старшы лейтэнант П. Ф. Гаўрылаў вызначыўся 23-24 чэрвеня 1944 г. падчас прарыву варожай абароны каля в. Сіроціна. Першым на танку прарваўся ў глыб варожай абароны, знішчыў 2 дзоты і амаль цэлы батальён пяхоты праціўніка. Праследуючы ворага ў напрамку г. п. Ула, знішчаючы агнявыя кропкі, выйшаў да Заходняй Дзвіны, пераправіўся, замацаваўся на плацдарме і ўтрымліваў яго да падыходу пяхоты і артылерыі. 22 ліпеня 1944 г. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Перамогу сустрэў пад г. Ліепая (Латвія) у складзе Ленінградскага фронта.
Пасля вайны закончыў у 1951 г. Вышэйшую афіцэрскую бранятанкавую школу, да 1955 г. служыў у Савецкай Арміі, маёр. Працаваў ў Свярдлоўску (зараз Екацярынбург). Памёр 15 ліпеня 1968 г.
Піджакоў
Мікалай
Мікалаевіч
(1923 – 1969)
Нарадзіўся ў в. Патаніна Далматоўскага раёна Курганскай вобласці, Расія, у сялянскай сям’і. Рускі. На пачатку вайны добраахвотнікам прыйшоў у ваенкамат, быў накіраваны ў танкавае вучылішча. У 1942 г. закончыў Саратаўскае танкавае вучылішча. На фронце з 1942 г. у складзе 52-й (пазней перайменаваная ў 34-ю асобную) танкавай брыгадзе. 19 снежня 1943 г. узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Камандзір танка лейтэнант Піджакоў вызначыўся падчас аперацыі “Баграціён”. 24 чэрвеня 1944 г. экіпаж яго танка ўдзельнічаў у прарыве варожай абароны і захопе перакрыжавання дарог каля в. Дабея на поўдзень ад Шуміліна. Адбіў 3 контратакі праціўніка, знішчыў самаходную ўстаноўку, 9 гармат, 5 аўтамашын з пяхотай і боепрыпасамі. 24 чэрвеня фарсіраваў Заходнюю Дзвіну каля г.п. Бешанковічы, знішчыў 2 мінамётныя батарэі, 6 кулямётаў і каля 2 узводаў варожай пяхоты. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24 сакавіка 1945 г.  Гвардыі лейтэнант М. М. Піджакоў да канца вайны атрымаў яшчэ адзін ордэн Чырвонай Зоркі (30.12.1944) і два ордэны Айчыннай вайны II ступені (14.10.1944 и 28.12.1944)
Пасля вайны жыў ў г. Далматова, працаваў журналістам ў раённай газеце. Памёр 15 красавіка 1969 г.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №43 ад 04.06.2019 г.