Накануне Дня Победы для ветеранов в Мишневичском сельсовете Шумилинского района совместную акцию провели районный совет ветеранов и отдел культуры райисполкома

Актуалии Общество

“Не дай бог нікому такое перажыць”
Напярэдадні Дня Перамогі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны атрымалі шмат віншаванняў. Як, напрыклад, ветэраны, якія пражываюць на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета. 8 мая да іх завіталі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Мішневіцкага сельсавета Ф. П. Юркевіч, старшыня раённага саюза ваенных маракоў А. Л. Бычкоў, а таксама артысты аўтаклуба аддзела культуры.
Спачатку завіталі ў аддзяленне кругласутачнага прабывання састарэлых грамадзян Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І хоць большасць састарэлых тут не ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, але ж вайну помняць. Практычна ва ўсіх былі на фронце родзічы. А вось М. Ф. Міхайлаў з Заобалі сам ваяваў, ён ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны.
“Быў у другім атрадзе брыгады Кароткіна, – кажа Мікалай Фёдаравіч. –  Нашай задачай было ўзрываць чыгунку, знішчаць варожыя эшалоны. Мы, падрыўнікі, працавалі ў асноўным ноччу. Выбіралі тыя ўчасткі чыгункі, якія не ахоўвалі немцы, падкладвалі міны. Было за шчасце глядзець, як ішоў пад адхон варожы цягнік”. Дарэчы, у адной з аперацый Мікалай Фёдаравіч “наскочыў на міну”. Асколкамі параніла галаву, ногі. Амаль год лячыўся ў шпіталі ў Маскве, там жа сустрэў Перамогу. І Мікалай Фёдаравіч, і ўсе астатнія пацыенты аддзялення кругласутачнага прабывання састарэлых грамадзян былі рады віншаванням, песням пад гітару, якія так шчыра выконваў загадчык Башнёўскага клуба Аляксандр Кірылаў.
У Сураўнях віншавалі былую партызанку  брыгады імя Леніна В. І.  Максімаву, якая ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны. І сёння Валянціна Іларыёнаўна памятае сваю брыгаду імя Кароткіна, начныя разведкі. Як, дарэчы, і ветэран Вялікай Айчыннай вайны з в. Хрыпкі  А. С. Фядотаў.  Аркадзь Сцяпанавіч ваяваў на першым Прыбалтыйскім фронце, мае медалі “За ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Варшавы”.
Была рада віншаванням  ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны М. Д. Іванова з вёскі Красамай, якая ваявала на 1-ым Беларускім фронце. Да таго ж, Дзень Перамогі для Марыі Дзмітрыеўны двайное свята, бо 10 мая жанчына святкуе дзень нараджэння.
А вось  Г. А. Старавойтава, былая партызанка з Заобалі, ад віншаванняў нават расплакалася. “Не дай бог нікому такое перажыць, – сказала, выціраючы слёзы, жанчына. – Няхай вашы дзеці і праўнукі ніколі не бачаць вайны. Бо гэта страшна, гэта гора і смерць. Таму Дзень Перамогі для нас, ветэранаў, самае святое свята”.
У гэты дзень віншавалі былога малалетняга вязня з Мішневіч Б. Л. Раманава, былога ўдзельніка блакаднага Ленінграда  з в. Андрэеўка В. П. Багатырова, інваліда Савецкай Арміі з Сіроціна Д. А. Дземчанку. Усім ветэранам былі ўручаны памятныя сувеніры.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *