«Импульс» — для шумилинских подростков

Образование Общество

Імпульс да добрых спраў

Аб’яднанню па інтарэсах “Імпульс”, якое працуе ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі, больш чым 10 год. Нязменны кіраўнік аб’яднання – Святлана Бельчыкава.

У “Імпульсе” займаюцца падлеткі 12-14 год, пераважна хлопцы. І гэта самы складаны і цікавы падлеткавы ўзрост. Як яго толькі не называюць: і “выбухованебяспечны ўзрост”, і “узрост бунту”, і “траўматычны ўзрост”, і “ранімы ўзрост” і г.д.
Перад падлеткамі ўзнікаюць шматлікія пытанні, звязаныя з яго ідэнтычнасцю і тым месцам, якое ён займае. “Хто я такі?”, “Якая мэта майго жыцця?”,  “Я добры ці дрэнны?”, “Што цікавіць мяне ў жыцці?”…
Змяняецца сацыяльны статус падлетка: у яго з’яўляюцца новыя сябры, асяроддзе равеснікаў пачынае адыгрываць усё большую ролю ў яго жыцці, ён больш часу праводзіць па-за домам і так ці інакш спазнае “вялікі свет”.  Прычым спазнаваць “вялікі свет” падлетак можа любымі спосабамі. І тут важна “не ўпусціць” маладога чалавека, скіраваць яго энергію  ў станоўчы бок. Безумоўна,  шмат залежыць ад сям’і, але і роля школы, дакладней сацыяльна-педагагічнай службы, вялікая.  “Падлеткаў трэба разумець, – кажа сацыяльны педагог Шумілінскай СШ №1 С. В. Бельчыкава. – Ведаць іх інтарэсы, захапленні. Адны з іх самарэалізуюцца праз вучобу, другія – праз музыку. А ёсць і такія, у якіх шмат энергіі, і куды яе дзець, яны не ведаюць. Вось такім “жыўчыкам” і прапаную хадзіць у “Імпульс”. На спартыўнай пляцоўцы яны могуць выплеснуць сваю энергію”.
“Важна зацікавіць падлетка, – працягвае Святлана Валянцінаўна. – Толькі пры гэтай умове ён будзе пастаянна наведваць заняткі”. У “Імпульсе” зрабілі стаўку на спорт. І яна поўнасцю сябе апраўдвае: маладому чалавеку даспадобы фізічныя нагрузкі. Баскетбол, футбол, валейбол, настольны тэніс – вось малы спіс тых відаў спорту, якія цікавяць моладзь. Трэба адзначыць, што пасля адкрыцця ў райцэнтры фізкультурна-аздараўленчага цэнтра стымулу ў выхаванцаў пабольшала: у нядзелю можна паплаваць у басейне.
“Імпульс” аб’яднаў падлеткаў, – адзначае кіраўнік аб’яднання. – І цяпер яны адчуваюць адказнасць не толькі за сябе, а і за сяброў. Магу з упэўненасцю сказаць, што гэтых падлеткаў мы выцягнулі з вуліцы, прапанаваўшы ім альтэрнатыву – разам займацца спортам ”.
Пры аб’яднанні па інтарэсах працуе падлеткавы клуб “Імпульс”. Менавіта ён выступае ініцыятарам правядзення розных мерапрыемстваў.  Падлеткі гулялі ў футбол супраць каманды РАУС, а ў спартландыі бралі ўдзел чатыры каманды – СШ №1 і СШ №2, РАУС і РАНС. Арганізоўваюцца экскурсіі (у РАНС і РАУС) і сустрэчы з работнікамі сілавых структур. У планах клуба – зацікавіць мерапрыемствамі падлеткаў Мікіціхінскай і Обальскай школ.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *