Отдел по образованию Шумилинского райисполкома приглашает на работу родителей-воспитателей в детский дом семейного типа

Новости Образование Общество

Падзяліся цяплынёй сэрца з дзецьмі. Дзіцячы дом сямейнага тыпу чакае бацькоў-выхавальнікаў

Дзіцячы дом сямейнага тыпу – сям’я, якая прыняла на выхаванне ад пяці да дзесяці дзяцей-сірот і (ці) дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, (выхаванцаў) у рамках якой муж і жонка ці асобныя грамадзяне (бацькі-выхавальнікі) выконваюць абавязкі па выхаванні дзяцей на падставе дагавору аб умовах выхавання і працоўнага дагавору. (з Палажэння аб дзіцячым доме сямейнага тыпу).

Сёння аддзел па адукацыі Шумілінскага райвыканкама шукае бацькоў-выхавальнікаў для дзіцячага дома сямейнага тыпу ў г. п. Шуміліна. На пытанні карэспандэнта «Герой працы» адказвае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая.

–  Аксана Генадзьеўна, раскажыце пра дзіцячы дом сямейнага тыпу. Чаго чакаць людзям, якія згадзяцца заняць пасаду бацькоў-выхавальнікаў?

– Дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Шуміліне – гэта двухпавярховы мэбляваны дом з бягучым рамонтам у мікрараёне Шумілінскай СШ № 2. У доме агульнай плошчай каля 200 метраў квадратных ёсць 4 дзіцячыя спальні і 1 бацькоўская, сталовая, кухня, агульны пакой, гаспадарчыя памяшканні.

У доме могуць пражываць двое дарослых і да 10 дзяцей. Дом поўнасцю абсталяваны неабходнай бытавой тэхнікай: ёсць тэлевізар, халадзільнік, пральная машына і інш. Для абслугоўвання дома маецца невялікі зямельны ўчастак, гаспадарчыя пабудовы. Каля дома абсталявана дзіцячая гульнявая пляцоўка. У крокавай даступнасці знаходзіцца СШ № 2, дзіцячы сад № 4, раённы Дом рамёстваў з гурткамі і заняткамі па інтарэсах, Светласельская ўрачэбная амбулаторыя.

–  Хто можа заняць пасаду бацькоў-выхавальнікаў? Ці ёсць спецыяльныя патрабаванні да іх?

– Прыярытэт аддаецца сямейным парам, якія маюць вопыт у выхаванні дзяцей. Узровень адукацыі ці наяўнасць спецыяльнай адукацыі не маюць значэння. Магчымы варыянт і аднаго бацькі (маці)-выхавальніка.

Мы будзем рады людзям, якія гатовы падзяліцца цеплынёй сваіх сэрцаў з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў клопаце і спачуванні.

З бацькамі-выхавальнікамі заключаецца працоўны дагавор, ім залічваецца працоўны і страхавы стаж, яны атрымліваюць заработную плату, працоўны водпуск складае 56 каляндарных дзён. Дарэчы, бацькам-выхавальнікам ёсць гарантыі на санаторна-курортнае аздараўленне. На перыяд водпуску бацькоў-выхавальнікаў дзеці могуць змяшчацца ў дзіцячы сацыяльны прытулак або накіроўвацца ў аздараўленчы лагер.

–  Якая зарплата ў бацькоў-выхавальнікаў?

– У дзіцячым доме сямейнага тыпу прадугледжана 1,5 стаўкі бацькоў-выхавальнікаў. Яе можа атрымліваць адзін з бацькоў, напрыклад маці, а другі можа працягваць працаваць у іншай арганізацыі. А можна падзяліць паміж бацькамі: адзін будзе працаваць на стаўку, другі – атрымліваць 0,5 стаўкі, пры гэтым можа працаваць на поўную стаўку ў іншай арганізацыі. Які выбраць варыянт, вырашаюць самі бацькі. На сённяшні дзень стаўка складае каля 900 рублёў.

–  Ці могуць быць бацькамі-выхавальнікамі муж і жонка, калі ў іх ёсць уласныя непаўналетнія дзеці?

– Як ужо гаварылася, вітаецца наяўнасць сямейнай пары ў якасці бацькоў-выхавальнікаў. Таму сям’я з непаўналетнімі дзецьмі ў поўным складзе пражывае ў доме сямейнага тыпу. А колькасць выхаванцаў будзе дадавацца, каб усяго дзяцей было да 10.

–  Якія дакументы неабходны, каб стаць бацькам-выхавальнікам?

– Патрабуецца характарыстыка з апошняга месца работы, даведка аб здароўі. Аддзел вывучае асобы кандыдатаў на прадмет прыцягвання да адказнасці. З бацькамі заключаецца дагавор аб напаўненні дзіцячага дома сямейнага тыпу дзецьмі ад 4 да 10, а таксама працоўны дагавор.

–  Утрыманне дзяцей – даволі дарагая справа. Як вырашаецца матэрыяльнае і грашовае пытанне?

– Па-першае, на кожнае прыёмнае дзіця-выхаванца выплачваецца дапамога ў памеры больш за 400 рублёў. На працягу года яна, як правіла, павялічваецца разам з іншымі сацыяльнымі выплатамі.

Па-другое, калі сям’я мае нейкія сацыяльныя льготы, выплаты, дапамогі, напрыклад, як мнагадзетная, то ўсе яны захоўваюцца ў поўным аб’ёме.

Па-трэцяе, бацькам-выхавальнікам кампенсуюцца камунальныя плацяжы за электраэнергію, газ, тэлефон, квартплату ў залежнасці ад колькасці выхаванцаў.

–  Ці могуць бацькі-выхавальнікі разлічваць на прафесійную педагагічную дапамогу?

– Безумоўна. Пастаянная падтрымка з боку аддзела па адукацыі, устаноў адукацыі, якія наведваюць дзеці. У пытаннях выхавання аказваецца пастаянная псіхолага-педагагічная дапамога, праводзіцца адаптацыя да ўмоў пражывання. Паступленне дзяцей у дзіцячы дом сямейнага тыпу праводзіцца паступова. Дзеці маюць права на двухразовае бясплатнае аздараўленне, у тым ліку ў кругласутачным аздараўленчым лагеры «Пунсовы ветразь» і ў санаторыі.

Да таго, да дзіцячага дома сямейнага тыпу ёсць пастаянная ўвага і дапамога з боку прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый раёна, дэпутатаў, спонсараў. Яна выражаецца не толькі ў перадачы салодкіх па-дарункаў на Новы год. Аказваецца дапамога ў рамонце, абнаўленні бытавой тэхнікі, арганізацыі экскурсій і паездак і г. д.

–  Куды звяртацца кандыдатам на пасаду бацькоў-выхавальнікаў?

–  У аддзел па адукацыі Шумілінскага райвыканкама, які знаходзіцца па адрасе: г. п. Шуміліна, вул. Ленінская, 22. Можна ўдакладніць інфармацыю ці атрымаць кансультацыю па тэлефонах 5-53-81, 5-54-39.

Кожны разумее, што для дзіцяці, якое ў сілу розных прычын і абставін засталося без бацькоў, найлепшым варыянтам будзе сем’я – прыёмная, апякунская. Дзіцячы дом сямейнага тыпу з’яўляецца сям’ёй, дзе дзеці могуць адчуць клопат, сямейную атмасферу і цеплыню.

Дзіцячы дом сямейнага тыпу чакае ініцыятыўных, актыўных, нераўнадушных бацькоў, якія могуць і гатовы падзяліцца цеплынёй свайго сэрца з дзецьмі, якім яна патрэбна, дапамагчы выйсці з цяжкай жыццёвай сітуацыі, выхаваць іх годнымі людзьмі.

Гутарыў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *