8 веских причин побывать в Шумилинском районе

Главное Край шумілінскі Общество

Што цікавага на Шуміліншчыне

Самы вялікі валун у Беларусі
Вялікі камень размешчаны каля вёскі Горкі Шумілінскага раёна.

Мясцовыя жыхары запэўніваюць, што камень заблытвае людзей: ідучы ў адну вёску, нязменна трапляюць у іншую. Таксама ёсць павер’е, што жанчына, якая пасядзіць на камені, абавязкова зацяжарыць. Памеры каменя ўражваюць. Яго даўжыня 10,6 метра, шырыня – 5,3 метра. Над зямлёй ён узвышаецца на 3,7 метра, урослая ў зямлю частка налічвае два метры. Акружнасць перавышае 28 метраў, а важыць – 292 тоны. Валун з Карэльскага перашыйку прынёс ледавік некалькі дзясяткаў тысяч гадоў таму. Цяпер камень – геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Заказнік «Казьянскі»
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Казьянскі» быў адкрыты ў 1999 годзе. Ён размешчаны на тэрыторыі Полацкага і Шумілінскага раёнаў. Ядро заказніка складаюць каштоўныя масівы верхавых балот з унікальным азёрна-балотным комплексам. Тут выяўлены 21 від раслін і 47 відаў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Заказніку прысвоены міжнародны статут ключавой арніталагічнай тэрыторыі. Са 175 відаў тутэйшых птушак 44 чырвонакніжнікі.

Азёрныя каралі


Ланцуг азёр ледавіковага паходжання пачынаецца з Дабейскага возера і ўключае больш за дзясятак азёр, злучаных пратокамі. Возера Круглік – адно з самых глыбокіх азёр Беларусі. Яго максімальная глыбіня перавышае 30 метраў. Прыбярэжная лінія даўжынёй амаль пяць кіламетраў ўтварае чатыры залівы, падзеленыя паўвостравамі. Гэта надае возеру маляўнічы выгляд. Возера Лескавічы з аднаго боку акружана лесам. Уздоўж паўночнага берага размясцілася вёска Лескавічы. Пратокамі і ручаямі возера Лескавічы звязана з азёрамі Круглік і праз некалькі невялікіх азёр з буйнейшым вадаёмам Шуміліншчыны – возерам Будавесць. У вёсцы Лескавічы знаходзіцца царква Прападобнага Сергія Раданежскага, пабудаваная ў 1878 го-дзе, і рэшткі сядзібы Хлюдзінскіх, якая была пабудавана па праекце вядомага англійскага архітэктара М. Х. Бэйлі-Скота. У гэтым азёрным ланцужку знаходзіцца і возера Сосна, якое з’яўляецца гідралагічным заказнікам.

«Салаўіны» гарадок


У 2007 годзе Шуміліна (разам з Мінскам, Брэстам і Слуцкам) атрымала статус «салаўінага» горада. Па падліках валанцёраў рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», у гарадскім пасёлку чуваць галасы больш за двухсот салаўёў.

Гісторыка-краязнаўчы музей


У экспазіцыі Шумілінскага края-знаўчага музея больш за дзесяць тысяч экспанатаў. У тым ліку старажытныя прылады працы – каменныя шліфаваныя сякеры каменнага і бронзавага стагоддзяў, косці маманта. Пастаянныя музейныя экспазіцыі прысвечаны побыту сялян XIX-XX стагоддзяў, партызанскаму руху на Шуміліншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пасляваеннага перыяду.

Обальскі музей


Музей камсамольскага падполля – філіял Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея заснаваны ў г.п. Обаль 29 кастрычніка 1965 г. Аснову экспазіцыі складаюць матэрыялы пра дзейнасць падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы», якая дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод унікальных экспанатаў – дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы Герояў Савецкага Саюза Еўфрасінні Зяньковай і Зінаіды Партновай, іншых герояў-камсамольцаў.

Керамічны завод


Прамысловы турызм папулярны ў еўрапейскіх краінах. Паступова гэты турыстычны кірунак развіваецца і ў нас. Падчас экскурсіі на Обальскім керамічным заводзе – адным з буйнейшых прадпрыемстваў Шуміліншчыны – можна па-глядзець поўны цыкл ператварэння гліны ў цэглу. А невялікі цэх, у якім працуюць майстры-ганчары можа зацікавіць цудоўнымі сувенірамі з керамікі.

Чыгуначны вакзал


Будаўніцтва Рыга-Арлоўскай чыгункі стала лёсавызначальнай па-дзеяй для Шуміліна. 17 кастрычніка 1866 года паравоз з трыма вагонамі праехаў участак Дынабург – Віцебск даўжынёй 242 вярсты, пра што ў тэлеграме імператару Аляксандру II паведаміў першы міністр шляхоў зносін Расійскай імперыі, генерал-лейтэнант, інжынер Павел Мельнікаў. Менавіта каля станцыі Сіроціна (з 1961 года – Шуміліна) з маленькай вёскі на 7 двароў пачало развівацца мястэчка, якое ў 1924 годзе стала цэнтрам раёна. У 2014 годзе каля будынка вакзала быў устаноўлены бюст П. П. Мельнікава.
Агляд рабіў Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №55 ад 17.07.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *