Итоги работы в первом полугодии рассматривали на заседании райисполкома в Шумилино

Актуалии Власть

Выйсці на стабільную работу да канца года
На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое правёў у мінулую пятніцу выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькоў, былі разгледжаны вынікі работы народнагаспадарчага комплексу раёна ў першым паўгоддзі бягучага года.
З дакладам па асноўным пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў, з судакладам аб выкананні раённага бюджэту – начальнік райфінаддзела  райвыканкама А. С. Сідарэнка.
Выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна складваецца сёлета вельмі няпроста: з 7 прагнозных паказчыкаў выкананы 2 – па прыцягненні прамых замежных інвестыцый і энергазберажэнні. Гэтаму ёсць як аб’ектыўныя (агульная сітуацыя ў сусветнай эканоміцы, праблемы ў суседніх краінах), так і суб’ектыўныя прычыны. Так, фактычна спынена работа галоўнага прамысловага прадпрыемства раёна – Обальскага керамічнага завода (тут вядзецца мадэрнізацыя). Да таго, завод з’яўляецца і асноўным экспарцёрам прамысловай прадукцыі. Складаная сітуацыя ў аграпрамысловым комплексе раёна, гандлі. Расце крэдыторская і дэбіторская запазычанасць. Патрабуюцца тэрміновыя меры па выпраўленні становішча да канца года, адзначыў Віктар Віктаравіч.
Сітуацыя ў эканоміцы не магла не адбіцца на напаўненні бюджэту раёна. За шэсць месяцаў бюджэт выкананы з дэфіцытам. Тым не менш фінансаванне па асноўных артыкулах расходаў вядзецца ў дастатковых аб’ёмах, падкрэсліла Алена Савельеўна Сідарэнка. Прымаюцца меры па эканоміі бюджэтных выдаткаў за кошт аптымізацыі штатнай колькасці работнікаў, энергазберажэння і іншых крыніц.
Былі заслуханы справаздачы кіраўнікоў асобных прадпрыемстваў. Дырэктар Обальскага керамічнага завода П. І. Манак расказаў пра сітуацыю з мадэрнізацыяй прадпрыемства: на працягу тыдня павінны завезці апошняе абсталяванне з Грэцыі, актыўна вядзецца мантаж сучаснага абсталявання на заводзе. У верасні пачнуцца пусканаладачныя работы. Да канца года работа цэха №2 павінна выйсці на праектную магутнасць. Мадэрнізацыя, на якую з бюджэту выдаткавалі 73 мільярды рублёў, і выпуск інавацыйнай прадукцыі нададуць прадпрыемству новае дыханне.
Старшыня праўлення райспажыўтаварыства У. Л. Лейзяровіч прадставіў сваё бачанне вываду арганізацыі з крызісу, адказаў на крытыку ў адрас райпо.
Што тычыцца сітуацыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, то В. Ц. Мянькоў заўважыў, што іншага выйсця, як павялічваць вытворчасць прадукцыі, няма. Дзяржава дапамагае па максімуму, большага патрабаваць немагчыма. Трэба даіць больш малака, гадаваць жывёлу, збіраць высокія ўраджаі, нарыхтоўваць кармы – толькі ў такім выпадку будуць грошы на зарплату і на развіццё. Васіль Цімафеевіч звярнуў увагу на тое, што пачынаецца самы складаны перыяд на сяле – жніво. Строгае захаванне тэрмінаў уборкі і найвышэйшая якасць работы – бясспрэчныя патрабаванні да спецыялістаў і работнікаў АПК. Пры гэтым нельга забывацца на корманарыхтоўку і сяўбу азімых.
Рашэнне, прынятае па выніках абмеркавання, утрымлівае канкрэтныя прапановы па выпраўленні сітуацыі на асобных прадпрыемствах, што павінна паўплываць станоўча на сітуацыю да канца года.
Загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Л. І. Казаравец прадставіла аналіз работы са зваротамі грамадзян за студзень-чэрвень 2015 года.
З інфармацыяй аб мерах па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці і рэсацыялізацыі асоб, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, выступіў начальнік РАУС А. Р. Дзмітрэнка. Статыстыка сведчыць, што за першае паўгоддзе бягучага года у раёне павялічыўся ўзровень злачыннасці, у тым ліку і рэцыдыўнай (на 0,3%). Станоўча тое, што ў гэтай катэгорыі злачынстваў няма цяжкіх і асабліва цяжкіх. Супрацоўнікі РАУС праводзяць агульныя і індывідуальныя прафілактычныя мерапрыемствы. На ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС стаіць 253 асобы, з якіх 68 – адбываюць рознага віду пакаранні. У адносінах да асоб, якія парушаюць грамадскі парадак, устанаўліваецца прэвентыўны нагляд. Асобы, якія злоўжываюць алкаголем, накіроўваюцца ў ЛПП (сёлета накіравана 5 чалавек).
Начальнік РАУС прааналізаваў прычыны рэцыдыўнай злачыннасці, сярод якіх незанятасць працай асоб, што маюць судзімасць, іх нізкае матэрыяльнае становішча, бытавая неўладкаванасць, п’янства і алкагалізм, слабая сістэма рэсацыялізацыі. Барацьба з рэцыдыўнай злачыннасцю немагчыма толькі сіламі міліцыі, неабходна задзейнічаць працоўныя калектывы, грамадскія фарміраванні, уладныя структуры.
У ходзе абмеркавання пытання пракурор раёна С. У. Зайцаў звярнуў увагу на нізкі ўзровень раскрыцця злачынстваў, іншыя недахопы ў рабоце міліцыі.
У прынятым рашэнні рэкамендавана актывізаваць работу наглядальнай камісіі, узмацніць адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў за работу з названай катэгорыяй асоб, у тым ліку ў накірунку кантролю за выхадам гэтых асоб на работу, іх прагуламі. Акрэслены іншыя мерапрыемствы па прафілактыцы рэцыдыўнай злачыннасці ў раёне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №58 ад 28.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *