Сказку в своём дворе создала семья Кравченко из Мишневич

Мир увлечений Сельское хозяйство

У гасцях у казкі
На галоўнай вуліцы аграгарадка Мішневічы можна бачыць шмат дагледжаных дамоў. Але калі вы крыху збочыце направа, на вуліцу Камсамольскую ў дом №21, то апынецеся ў самой казцы, якую стварыла сям’я Краўчанкаў.
На кожным кроку тут новы сюжэт. Усе казачныя героі жывуць сярод кветак. Наводзіць парадак і ствараць прыгажосць Галіна Іванаўна і Мікалай Іванавіч каля дома пачалі 10 гадоў назад, калі пераехалі сюды жыць. Пачалі з прыгожых белых лебедзяў, якія пасяліліся на імправізаванай блакітнай саджалцы. Пасля з’явіліся буслы, заяц, ліса, шэры воўк, мядзведзь, жырафа, кракадзіл… Забаўна выглядаюць тры вясёлыя ружовыя парася, кот Леапольд.
Галоўнай выдумшчыцай з’яўляецца іх дачка Надзея, якая і арганізуе ўсю працу. Працэс стварэння аднаго персанажа даволі складаны. Каб зрабіць, напрыклад, Бураціну з фанеры, спачатку трэба яго намаляваць, што даручае Надзея свайму мужу Сцяпану. Пасля бацька, Мікалай Іванавіч, выразае, і Надзея сама размалёўвае. Ідэі На-дзея шукае ў інтэрнэце, дапамагаюць прыдумваць маці і сястра.
А колькі тут кветак, якія аздабляюць і дапаўняюць ўсю гэту прыгажосць! Лілеі, нарцысы, клямацісы, ружы, ірысы, хрызантэмы, цыніі, пятуніі. Некаторыя кветкі заказваюць у інтэрнэце, чымсьці абменьваюцца са знаёмымі і родзічамі. Кветкі тут круглы год! Увечары асаблівы каларыт кветнікам надаюць  ліхтарыкі на сонечных батарэях.
Неаднаразова сям’я Краўчанкаў была ўзнагароджана дыпломамі за актыўны ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе “Лепшы падворак” і прыклад узорнага парадку і эстэтычнага афармлення прыдамавой тэрыторыі.
Хутка на падворку з’явяцца новыя персанажы: мядзведзь з гумавых колаў, яшчэ адзін заяц, Нюша і Бараш з любімага дзецьмі мульціка “Смяшарыкі”. Задум шмат, прызнаецца сям’я Краўчанкаў, але яны патрабуюць шмат працы і догляду.  Бо, акрамя кветнікаў, сям’я мае немалую гаспадарку і агарод.
Юлія ЗУБАРАВА.
Надрукавана ў №59 ад 30.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *