За штурвалом комбайна Валерий Тупицын

Сельское хозяйство Экономика

Каласы хіляцца да жняяркі
Шырокае палатно жытняга поля ля Рыпіншчыны. Адзін за адным па полю марудна плывуць шэсць камбайнаў. Каласы цяжка гнуцца долу. Яны пахнуць сонцам, полем і летняй свежасцю. Жытні водар бадзёрыць.
Праз некалькі хвілін  на край поля пад’язджае першы камбайн. Валерый Іванавіч Тупіцын, механізатар КУСГП “Ульскі” у сельскай гаспадарцы працуе больш за дваццаць гадоў. Камбайнер згаджаецца некалькі хвілін удзяліць карэспандэнту раёнкі і расказаць пра сваю работу. Лепш адзін раз паказаць  і ўсё стане зразумелым, усміхаецца механізатар. І з ім нельга не пагадзіцца. Праз хвіліну мы разам у кабіне камбайна. Тут даволі прасторна, ёсць кандыцыянер.
Працоўныя мазолістыя далоні механізатара моцна трымаюць за штурвал. А цяжкія каласы пакорліва хіляцца да жняяркі. Валерый Іванавіч час ад часу паглядвае на камп’ютар, усталяваны ў кабіне. Цікаўлюся, што можна ўбачыць на гэтым невялікім экране. “Сачу па камп’ютары за работай рухавіка і іншых сістэм камбайна, –  тлумачыць мужчына. –  Тут жа можна ўбачыць, ці якасна вядзецца ўборка. Камп’ютар папярэдзіць і аб аварыйных сітуацыях. Тады спыняемся, рамантуем”.
Поле шырокай залацістай дарогай цягнецца ажно да лесу. Праз некаторы час Валерый Тупіцын з радасцю паведамляе: “Бункер вось-вось будзе поўны. Якраз пад’едзем да МАЗа і высыплем жыта. У бункеры будзе каля шасці тон”.
Залатой густой ракой збожжа ліецца ў кузаў машыны. З кабіны прыемна назіраць за гэтым патокам: ні ветру табе тут, ні пылу.  Праз некалькі хвілін вадзіцель МАЗа павёз збожжа на зернесушылку ў Кардон. А Валерый Тупіцын – зноў за штурвал. У гэты дзень ён планаваў намалаціць трыццаць тон зерня.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №60 ад 04.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *