Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Снарад

На полі ля вёскі Мамойкі быў знойдзены снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Група размініравання, што прыехала з Віцебска, снарад абясшкодзіла і знішчыла.

Пасля канфлікту
Невядома чаго два жыхары райцэнтра не прыйшлі да паразумення. Мірным шляхам мужчыны не змаглі вырашыць канфлікт. У роспачы адзін з іх спахапіўся за паляўнічую зброю і стрэліў уверх. А другі паведаміў пра гэта ў міліцыю. Пракуратурай Шумілінскага раёна ўзбуджана крымінальная справа.

Пакалечыў
У час спрэчкі жыхар райцэнтра ў нецвярозым стане ўдарыў свайго знаёмага па руцэ. Сілы не разлічыў і зламаў пацярпеламу палец. Узбуджана крымінальная справа па арт.149 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў”.

Са зводак ДАІ
Без правоў

Інспектары дарожна-патрульнай службы прыпынілі на вуліцы Юбілейнай у райцэнтры механізатара  УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, які ехаў на МТЗ-1221 без правоў адпаведнай катэгорыі.  Механізатар прад’явіў супрацоўнікам ДАІ правы трактарыста-машыніста, выдадзеныя на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Але яны ў Беларусі лічацца несапраўднымі. Складзены адміністрацыйны пратакол. Да адказнасці будзе прыцягнута і службовая асоба прадпрыемства, якая дапусціла да работы механізатара.
*   *   *
На дарозе Р-20 за перавышэнне хуткасці больш як на 20 км/гадз быў прыпынены вадзіцель ААТ “Прыазёрны мір”, які ехаў на легкавой машыне. Як высветлілася, затрыманы мужчына прыехаў з Украіны, аформіў від на жыхарства, а вось вадзіцельскае пасведчанне, як таго патрабуе закон, не абмяняў. На парушальніка і на службовую асобу сельгаспрадпрыемства, што выпусціла на лінію вадзіцеля без правоў, складзены адміністрацыйныя пратаколы.

У суседнім раёне
За ліпень на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна ў поле зроку супрацоўнікаў ДАІ трапілі тры нашы землякі, прычым, усе яны знаходзіліся за рулём нецвярозымі. Ім пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады і штраф ад 9 да 18 мільёнаў рублёў. Да адказнасці (таксама з пазбаўленнем вадзіцельскіх правоў) будуць прыцягнуты і два гаспадары легкавушак, якія перадалі права кіравання сваіх аўтамабілям нецвярозым.

Прафілактыка ДТЗ
З 3-га па 12-га жніўня супрацоўнікі ДАІ праводзяць комплекс дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы ДТЗ з удзелам двухколавых транспартных сродкаў. У нашым раёне за гэты год зарэгістравана  50 правапарушэнняў, здзейсненых матацыклістамі. Прычым, 9 чалавек селі за руль у нецвярозым стане, а адзін – паўторна на працягу года. У апошнім выпадку супраць кіроўцы ўзбудзілі крымінальную справу, а матацыкл быў канфіскаваны.
У гэтым годзе ў вобласці адбылося 11 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам матацыклістаў, у якіх 7 чалавек загінула, 6 – паранена. У нашым раёне ДТЗ з удзелам матацыклістаў не зарэгістравана.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў № 62 ад 11.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *