Не станьте жертвой мошенников из телефона

Бяспека Общество Происшествия

Жанчыны трапілі на грошы

На мінулым тыдні зводку раённага аддзела ўнутраных спраў дапоўнілі два выпадкі махлярства – падманулі дзвюх нашых зямлячак, расказаў начальнік крымінальнага вышуку РАУС Руслан Бруеў.

Жыхарцы райцэнтра патэлефанавалі на вайбер, прадставіліся супрацоўнікам міліцыі і патлумачылі, што з яе картрахунка спрабуюць украсці грошы. Жанчыне прапанавалі выхад з сітуацыі: перавесці грошы з карткі на «рахунак банка», і тым самым іх застрахаваць. «Памочнікі» патлумачылі, які дадатак скачаць і якія лічбы націскаць. Калі жанчына ўсё гэта зрабіла, з яе карткі знікла каля дзвюх тысяч рублёў.

У другім выпадку зноў жа быў тэлефонны званок на вайбер. Жанчыне пазванілі «банкаўскія работнікі» і патлумачылі, што на яе імя махляры спрабуюць узяць крэдыт. Ёй трэба пайсці ў банк, на самой справе ўзяць крэдыт у 5 тысяч рублёў і зноў аддаць банку, каб пагасіць той, які быццам бы спрабуе нехта аформіць. Жанчына так і рабіла, пачала працэдуру афармлення, як раптам яе ахапілі сумненні і яна (на ўсялякі выпадак) вырашыла звярнуцца ў РАУС. Тут і высветлілася, што яе падманваюць. Крэдыт, які жанчына не паспела перавесці на рахунак махляроў, быў ануляваны. Адным словам, пашанцавала…

Зводкі РАУС маглі б на мінулым тыдні дапоўніцца і яшчэ адным фактам махлярства. На вайбер работніку рэдакцыі таксама некалькі разоў званілі «з банка» і таксама тлумачылі, што невядомыя асобы бяруць крэдыт на яе імя. Калі трубку падняў муж, назваўшыся палкоўнікам міліцыі, з ім размаўляць не сталі.

 «Калі тэлефануюць на вайбер і прадстаўляюцца работнікамі любога банка – не верце! – папярэджвае Руслан Бруеў. – Калі кажуць, што на вас афармляюць крэдыт ці нехта спрабуе зняць грошы з карткі – не верце!  Каб заспакоіцца, патэлефануйце ў банк і ўпэўніцеся, што падобныя званкі – гэта махлярства».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *